У інтэрвію выданьню Parlamentní listy Зэман заявіў, што лічыць, што на рынак краіны павінны быць як мага хутчэй дапушчаныя расейская і кітайская вакцыны. Паводле яго, не дапускаючы прэпараты на рынак, Блатны і падпарадкаваная яму дырэктар Дзяржаўнага інстытуту кантролю за лекамі Ірэна Сторава нясуць адказнасьць за сьмерці грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Вугоршчыны прышчапіўся кітайскай вакцынайБлатны і Сторава патрабуюць, каб ухваленьне прэпаратаў далі ўлады Эўразьвязу. Да нядаўняга часу прэзыдэнт сам падтрымліваў такую пазыцыю, адзначае Чэскае інфармацыйнае агенцтва. Цяпер Зэман настойвае на тым, што дазвол на выкарыстаньне мусіць даць нацыянальны рэгулятар, як гэта адбылося раней у Вугоршчыне і Славаччыне.
У канцы лютага Зэман у інтэрвію каналу CNN заявіў, што ў размове з Уладзімірам Пуціным папрасіў вакцыну «Спутник V». У інтэрвію Parlamentní listy ён падкрэсьліў, што Чэхія атрымала прапанову вырабляць прэпарат сумесна зь Нямеччынай.
Чэхія — адна з найбольш пацярпелых ад пандэміі каранавірусу новага тыпу краін ЭЗ. У краіне зафіксавана 1 мільён 340 тысяч выпадкаў заражэньня хваробай, 22 147 чалавек памерлі, сыстэма аховы здароўя працуе на мяжы магчымасьцяў. Адстаўка міністра магчымая, калі яе прапануе прэзыдэнту кіраўнік ураду Андрэй Бабіш. Зэман зьбіраецца сустрэцца зь ім 22 сакавіка.
- 9 сакавіка старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль абвінаваціў улады РФ і Кітаю ў выкарыстаньні вакцын у прапагандзе. Паводле яго, краіны пастаўляюць прэпараты «ў абмежаваным аб’ёме», але шырока расказваюць пра гэта ў сьвеце. «Мы ня будзем выкарыстоўваць вакцыны для прапаганды. Мы прасоўваем нашы каштоўнасьці», — заявіў Мішэль.
- Эўрапейскае мэдычнае агенцтва цяпер разглядае заяўку на рэгістрацыю расейскай вакцыны, што можа заняць некаторы час. У Вугоршчыне вакцынацыя «Спутником V» ужо ідзе, у Славаччыну расейскі прэпарат пастаўлены, аднак вакцынацыя пакуль не пачалася.
- Статыстыка вакцынацыі паказвае, што рэальныя пастаўкі прэпаратаў з-за межаў ЭЗ застаюцца на ўзроўні, блізкім да сымбалічнага. Акрамя таго, узровень вакцынацыі насельніцтва ў Расеі і Кітаі застаецца меншым, чым у сярэднім у ЭЗ.