У Беларусі прыпынілі продаж папулярнай мадэлі «Шкоды». У дылера адказалі, ці зьвязана гэта з палітыкай

Пікет беларусаў Чэхіі каля сядзібы заводу Škoda, Млада Балеслаў, студзень 2021 году.

Канцэрн Škoda заклікаў перанесьці хакейны чэмпіянат сьвету зь Менску, што і здарылася.


З 11 сакавіка ў Беларусі спыненыя продажы новых аўтамабіляў Škoda Rapid. Беларускі дылер аўтаканцэрну паведамляе, што прычына — прадпісаньне Дзяржстандарту:

«У сувязі з загадам Дзяржстандарту пра неабходнасьць удакладненьня фармулёвак у АТТС („Адабрэньні тыпу транспартнага сродку“) Škoda Rapid рэалізацыя гэтай мадэлі ў дылерскай сетцы Škoda ў Беларусі прыпыняецца з 11 сакавіка 2021 году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Škoda адмовіцца спансаваць ЧС па хакеі, калі яго не перанясуць зь Беларусі

Іншыя мадэлі «Шкоды» ў Беларусі прадаюцца.

«Рапід» — танная і папулярная ў Беларусі мадэль «Шкоды». Новы аўтамабіль каштаваў 12 тысяч даляраў. З усёй лінейкі машын «Шкоды» Rapid прадаецца найлепш. Па выніках 2020 году ў Беларусі было рэалізавана 2069 такіх машын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З цалкам відавочных для ўсіх прычын». Дыстрыб’ютар Liqui Moly ў Беларусі разарваў кантракт з брэндам

Імпартэр: паўсталі прэтэнзіі ад беларускага Дзяржстандарту

Tut.by зьвярнуўся па камэнтар да імпартэра. Там пацьвердзілі, што паўсталі прэтэнзіі ад беларускага Дзяржстандарту, але паколькі сэртыфікацыяй і выдачай ухваленьня займаецца «Росстандарт», то цяпер кампанія накіравала інфармацыю туды.

«Сытуацыя простая. У нас узялі на выпрабаваньне машыну і пасьля гэтага запатрабавалі ўдакладненьня фармулёвак у АТТС. Мы ўжо адправілі гэты запыт у Расею. У Мытным саюзе функцыянуе адзіны цэнтар сэртыфікацыі аўтамабіляў — гэта «Росстандарт», зь якім узаемадзейнічае расейскі імпартэр. Такім чынам, цяпер мы чакаем тлумачэньняў ад іх», — сказалі парталу Onliner прадстаўнікі беларускага імпартэра Škoda.

Многія зьвязалі прыпыненьне продажаў Rapid з тым, што Škoda адмовілася спансаваць ЧС у хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. Але ў дылерскай кампаніі ня лічаць, што гэтыя падзеі ўзаемазьвязаныя:

«Цяпер праходзіць вялікая колькасьць праверак, якія ня толькі нас тычацца. Мы ня зьвязваем пытаньне да Rapid з палітыкай. Астатнія мадэлі Škoda працягваюць прадавацца. У тым ліку расейскай зборкі. Як толькі мы атрымаем удакладненьне фармулёўкі АТТС для Rapid і адновім продажы гэтай мадэлі, мы паведамім асобна».

Дзяржстандарт: выявілі шэраг неадпаведнасьцяў у дакумэнтах

У Дзяржстандарце патлумачылі, што ў выніку праверак выявілі шэраг неадпаведнасьцяў у дачыненьні да мадэлі ŠKODA RAPID: так, у дакумэнце аб ацэнцы адпаведнасьці («адабрэньне тыпу транспартнага сродку», АТТС) указвалася, што аўтамабіль выпрабоўваўся з сыстэмай дапаможнага тармажэньня (BAS), а насамрэч аўто рэалізуецца безь яе. Таксама на машыне ўсталяваныя фары дзённага сьвятла, адрозныя ад указаных у АТТС. Выявіліся разыходжаньні ў зьвестках пра колькасьць дзьвярэй, экалягічны кляс, у іншых паказьніках. Таму ў дачыненьні да мадэлі ўвялі абмежавальныя захады, пакуль выяўленыя неадпаведнасьці не ліквідуюць.

Аўтаканцэрн «Шкода» некалькі месяцаў таму заклікаў перанесьці чэмпіянат сьвету ў хакеі зь Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская, Герасіменя і Латушка выказаліся пра скасаваньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі