Томас Бах узначаліў МАК у 2013 годзе — тады ён быў абраны адразу на 8 гадоў. Новы прэзыдэнцкі тэрмін нямецкага функцыянэра, алімпійскага чэмпіёна па фэхтаваньні скончыцца ў 2025-м. На онлайн-выбарах сёлета ён быў адзіным кандыдатам.
Адносіны Томаса Баха з НАК Беларусі спачатку былі вельмі прыязныя і сапсаваліся летась, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і рэпрэсіяў, якія абрынуліся на беларускіх спартоўцаў.
- У 2015 годзе Томас Бах сустракаўся з Лукашэнкам у Баку і атрымаў ад яго Ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі — «за выключныя заслугі ў разьвіцьці алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненьняў у Беларусі, а таксама за асаблівыя заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцьця».
- У 2019-м Томас Бах узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку мэдалём да 125-годзьдзя МАК.
- У 2019-м Бах наведаў Менск — цырымонію закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў, і зноў сустракаўся з Лукашэнкам.
- Але летась пад кіраўніцтвам Баха Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прымяніў да Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Беларусі санкцыі за перасьлед спартоўцаў з палітычных прычын. МАК забараніў усяму складу Выканкаму НАК, на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, наведваць Алімпійскія гульні ў Токіё і спыніў любую фінансавую падтрымку гэтай арганізацыі.
- «МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе ад палітычнай дыскрымінацыі», — сказаў прэзыдэнт МАК Томас Бах.
- У адказ Аляксандар Лукашэнка назваў МАК на чале зь ягоным старшынём «бандай» і прыгразіў судом.
- Таксама Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў Віктара Лукашэнку старшынём НАК Беларусі і не прызнаў абраньня ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Дзьмітрыя Баскава, якога падазраюць у датычнасьці да забойства Рамана Бандарэнкі.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што МАК не жадае прызнаваць сям’ю Лукашэнак на чале НАК Беларусі — важны крок», — Беларускі фонд спартовай салідарнасьці