Улады Беларусі прапануюць законапраект, які можа ўвесьці значныя абмежаваньні, а то і забарону для бюро і індывідуальных адвакатаў на дапамогу кліентам у крымінальных і адміністрацыйных справах, піша тэлеграм-канал «Мотолькопомоги».
У Беларусі ёсьць тры віды арганізацыйнай формы адвакацкай дзейнасьці: адвакацкія бюро, юрыдычныя кансультацыі і адвакаты, якія ажыцьцяўляюць індывідуальную дзейнасьць.
У новым праекце артыкул 33 Закону «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь» пачынаецца з паўнамоцтваў індывідуальных адвакатаў, зь якіх выключаецца юрыдычная дапамога ў крымінальных і адміністрацыйных справах:
«Індывідуальная адвакацкая дзейнасьць ажыцьцяўляецца ў мэтах аказаньня юрыдычнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 26 гэтага Закона, за выключэньнем юрыдычнай дапамогі па пытаньнях крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэньнях і працэсуальна-выканаўчага заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэньнях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшае ў сьвеце добраахвотнае аб’яднаньне юрыстаў зьвярнулася да ўладаў БеларусіАдвакат Дзьмітры Лаеўскі, які, у прыватнасьці, працуе зь Віктарам Бабарыкам, сказаў Onliner, што праца ў бюро і індывідуальная практыка ў меншай ступені за юрыдычную кансультацыю зазнаюць вонкавы ўплыў.
«Я не хачу сказаць, што адвакаты юрыдычнай кансультацыі ў чымсьці менш карысныя. Натальлі Мацкевіч, зь якой я абараняю Віктара Бабарыку, статус работніка кансультацыі не перашкаджае выконваць свае абавязкі. Але ёсьць рычагі, якімі можна скарыстацца ў дачыненьні адвакатаў юркансультацыі».
Раней Лаеўскі даслаў пытаньні ў Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканскую і Менскую калегіі адвакатаў, назваўшы законапраект пагрозай для незалежнасьці прафэсіі. Цяпер у бюро і індывідуальнай практыцы працуе прыкладна траціна ўсіх адвакатаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе калясальны ўдар па незалежнасьці прафэсіі», — адвакат Бабарыкі перасьцерагаецца пагаршэньня прававога становішча адвакатурыЛаеўскі кажа, што гэта прамежкавы праект зьменаў у закон. Але ён лічыць важным, каб адвакаты неадкладна выказалі сваё стаўленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ тры адвакаты не прайшлі атэстацыю Міністэрства юстыцыі Беларусі