На пачатку сакавіка 2021 году лекары Беларусі стварылі ініцыятыву MovaMed за пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцыне. У звароце яны напісалі:
«Беларусы зьмяніліся. Мы адчулі сябе нацыяй, якая мае гістарычныя традыцыі павагі да закону, талерантнасьці і спагады. Мы ня хочам зьяжджаць, мы хочам быць гаспадарамі сваёй зямлі. Хочам, каб нашы дзеці засталіся беларусамі.
Нашай мэтай ёсьць вывучэньне і аднаўленьне беларускай мэдыцынскай тэрміналёгіі, свабоднае валоданьне ёй у стасунках зь беларускамоўнымі пацыентамі і калегамі, пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцынскай навуцы і дыскусіях».
Гэтая, магчыма, малазначная для некага падзея насамрэч — знак часу.
Схаваная ад вачэй многіх назіральнікаў нацыянальная эвалюцыя, якая ішла ў Беларусі апошнія дзесяцігодзьдзі, і нацыянальнае паўстаньне 2020 году даюць надзею на тое, што беларускі народ пазьбегне гістарычнай сьмерці ў найбліжэйшай гістарычнай пэрспэктыве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільёны беларусаў уступілі ў «Талаку». І гэта назаўсёдыЧатыры месяцы назад, на пачатку лістапада 2020 году, я думаў, што ў выніку нармальнага разьвіцьця краіны беларуская мова запануе ў Беларусі прыблізна праз 20–30 гадоў. Калі ж краіна будзе акупаваная Расеяй і страціць незалежнасьць — тады беларусы пяройдуць на беларускую мову амаль адразу, за некалькі гадоў.
Але сытуацыя зьмянілася. Ужо ўвосень беларускамоўных затрыманых пазначалі фарбай для больш жорсткага абыходжаньня зь імі ў турмах. Цяпер перайшлі ў наступ на сыстэмаўтваральныя пункты беларускага нацыянальнага грамадзтва. У краіне закрытыя або заблякаваныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, у тым ліку большасьць беларускамоўных, зачыненыя ўсе крамы, дзе прадавалася тавары з этнічнай і нацыянальнай сымболікай. Бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг і гістарычны герб «Пагоня» таксама трапілі пад забарону, за іх выкарыстаньне людзей судзяць, у іх канфіскоўваюць машыны і б’юць шыбы. Праўладныя гісторыкі выступаюць з абсурднымі заявамі, спрабуючы скампрамэтаваць нацыянальных герояў і нацыянальныя сымбалі. З кіёскаў «Белсаюздруку» выкідаюць апошнія беларускамоўныя або двумоўныя выданьні, такія як «Народная Воля» або «Наша гісторыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікае Беларускае Нацыянальнае ПаўстаньнеСытуацыя ўсё больш нагадвае акупацыю краіны варожым для беларусаў рэжымам, які абапіраецца на прарасейскіх сілавікоў. Фактычна гэта і ёсьць акупацыя. Рэжым і яго прыхільнікі ўсё больш аддаляюцца ад нацыянальнага беларускага этасу.
Таму ў беларускага грамадзтва няма іншага выхаду, як адказаць на акупацыю паскораным зваротам да беларускай мовы.
Сёньня цяжка зразумець палітыкаў і журналістаў, якія ў сытуацыі дзікіх і абсурдных для ХХІ стагодзьдзя рэпрэсій заклікаюць беларусаў далей выходзіць на масавыя маршы — пад дубінкі, арышты, катаваньні, крымінальныя прысуды і доўгія гады турэмнага зьняволеньня. Безабаронны народ ня можа перамагчы ў адкрытым процістаяньні з узброеным войскам. І сёньня ўжо няма сумненьняў, што ў выпадку рэальнай пагрозы рэжыму верныя яму людзі ў пагонах лёгка расстраляюць любую колькасьць дэманстрантаў з баявой зброі і падушаць іх танкамі. А калі загадае камандаваньне, дык і авіяцыя адзначыцца ўзорным бомбакіданьнем па жывых людзях. Партызанскі пратэст выглядае больш разумным і рацыянальным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыя беларусаў закончыла фармаваньне. На чарзе — перамога беларускай мовыАле калі забаронена выходзіць і пазначаць сябе нацыянальным сьцягам, то людзі могуць пазначаць сябе і свой палітычны выбар беларускай мовай. З гэтым уладам змагацца цяжэй.
Цяжка перашкодзіць вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй паўсюль у Беларусі. Немагчыма забараніць беларусам размаўляць па-беларуску са сваімі каханымі і дзецьмі. Нерэальна забараніць людзям чытаць па-беларуску або сьпяваць.
Для гэтага трэба будзе абвясьціць чужую акупацыю фактам. А гэта ў наш час палітычна зрабіць вельмі цяжка, амаль немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня трэба шукаць нацыянальнай ідэі. Ёсьць толькі адна альтэрнатыва Лукашэнку — бел-чырвона-белаяЗ апытаньняў апошніх гадоў мы ведаем, што большасьць беларусаў ня хоча зьнікненьня беларускай мовы. Маральны аўтарытэт мовы для народу аказаўся роўны аўтарытэту маці для чалавека. Як гэта звычайна бывае і ў іншых народаў.
Беларуская мова — гэта мяккая сіла і ўнівэрсальны сродак барацьбы з дыктатурай. Дэмакратыя ў Беларусі — гэта беларуская мова. Незалежнасьць Беларусі — гэта беларуская мова.
Мы заканчваем тым, з чаго пачалі. Будучыня Беларусі залежыць ад беларускай мовы.