Журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас»

  • БелаПАН

Раман Васюковіч

Карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз у краіну кнігі «Беларускі Данбас».

Пратакол, складзены па ч. 1 арт. 17.11 КоАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавод інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандысцкай дзейнасьці) разгледзяць 12 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кнізе «Беларускі Данбас» знайшлі «прыкметы праяваў экстрэмізму»

Інцыдэнт адбыўся вечарам 11 сьнежня мінулага году ў Менскім аэрапорце. Васюковіч вяртаўся з камандзіроўкі ў Кіеў. Супрацоўнікі памежнай службы забралі ў яго «для праверкі экстрэмізму» ноўтбук і два асобнікі кнігі «Беларускі Данбас», якую напісалі журналісты-сужэнцы Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева, якая цяпер знаходзіцца за кратамі.

Ноўтбук Васюковічу вярнулі, а ў кнізе знайшлі «прыкметы праяваў экстрэмізму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менскім аэрапорце затрымлівалі карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время»

У кастрычніку МЗС Беларусі пазбавіў «Настоящее время», як і іншыя замежныя СМІ, акрэдытацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія журналісты напісалі кнігу пра ролю Беларусі ў вайне на Данбасе