У Празе абвешчаны конкурс на дзьве стыпэндыі з рэзыдэнцыяй для беларускіх драматургаў

Нацыянальны тэатар у Празе

Драматычная сэкцыя Нацыянальнага тэатру ў Празе, фэстываль «Праскія скрыжаваньні» і Амбасада незалежнай беларускай культуры пры Цэнтры экспэрымэнтальнага тэатру абвяшчаюць конкурсны адбор на рэзыдэнцыю ў Празе.

Рэзыдэнцыйная праграма разьлічана на двух беларускіх драматургаў.

Удзельнікам/цам праграмы будзе забясьпечана пражываньне пры Нацыянальным тэатры ў гістарычным цэнтры Прагі на Аненскай плошчы на шэсьць тыдняў.

Праграма ня ставіць абмежаваньняў паводле ўзросту ці грамадзянства і прызначаная для беларускіх аўтараў/ак, якія пішуць на беларускай ці расейскай мовах.

Мэта рэзыдэнцыі — даць яе ўдзельнікам час для працы над уласным драматычным творам, а чэскай культурнай супольнасьці — магчымасьць знаёмства з сучаснай беларускай творчасьцю ў галіне драматургіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тартускі ўнівэрсытэт абвясьціў конкурс на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў

У рамках рэзыдэнцыйнай праграмы аўтар/ка возьме ўдзел у публічных чытаньнях сваіх твораў і ў іншых мерапрыемствах драматычнай сэкцыі Нацыянальнага тэатру або Амбасады незалежнай беларускай культуры паводле ўзаемнай дамоўленасьці.

Умова для заяўнікаў/ніц: прынамсі адна выдадзеная (у кніжным або часопісным варыянце) ці пастаўленая на сцэне п’еса.

Тэрмін для прыёму заявак — 15. 03. 2021.

Вынікі будуць абвешчаныя 31. 03. 2021.

Адбіраць заяўнікаў/ніц будзе літаратурны аддзел драматычнай сэкцыі Нацыянальнага тэатру ў Празе.

Тэрмін рэзыдэнцыі: 1. 05. 2021 — 15. 06. 2021

Рэзыдэнту/цы аплачваецца: стыпэндыя памерам 45 000 чэскіх крон і пражываньне ў рэзыдэнцыйнай кватэры; выдаткі для прыезду на рэзыдэнцыю і вяртаньне дадому; спрыяньне ў атрыманьні візы ў Чэскую Рэспубліку.

Больш падрабязнасьцяў пра рэзыдэнцыю і патрэбныя дакумэнты можна знайсьці на сайце Нацыянальнага тэатру.