2 сакавіка ў судзе Заводзкага раёну Менску пасьпелі разгледзець справы 65-гадовай Алены Васільевай і 60-гадовай Раісы Алецкай. Іх затрымалі 26 лютага за чытаньне беларускіх кніг у электрычцы, нагадваюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «15 сутак за томік Купалы». Як у Менску судзяць пэнсіянэрак, якія ў электрычцы чыталі беларускіх клясыкаўУчастковы Заводзкага РУУС Алег Ганестаў склаў на Васільеву два пратаколы: па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Але судзьдзя Кацярына Мурашка вярнула пратакол за непадпарадкаваньне на дапрацоўку, а па арт. 23.34 КаАП пэнсіянэрка атрымала штраф у памеры 1450 рублёў.
Раісе Алецкай у судзе нават не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. З ізалятара на Акрэсьціна яе выпусьцілі пад падпіску аб яўцы ў міліцыю, адкуль адправілі ў суд. Перад пачаткам зьявіўся супрацоўнік міліцыі з пастановай на затрыманьне, якую сакратарка павінна была выдаць толькі пасьля суду. Судзьдзя Анастасія Асіпчык пастанавіла арыштаваць Алецкую на 15 сутак.
3 сакавіка ў судзе над Аленай Лебядзінскай судзьдзя Асіпчык выдаліла з абвінавачаньня бел-чырвона-белую вопратку, бо ў пратаколе вопісу рэчаў было пазначанае адзеньне «дазволенага» колеру. Але ад максымальнага штрафу жанчыну не ўратавала ні гэта, ні тое, што яна даглядае 90-гадовую маці. Судзьдзя аштрафавала Лебядзінскую на 870 рублёў.
Затрымалі і 49-гадовую Іну Жаковіч. На судзе быў апытаны сьведка-міліцыянт. Па ягоных словах, ён быў з жанчынамі ў адным вагоне і назіраў, як яны «пікетавалі».
Судзьдзя Мурашка вынесла рашэньне: арыштаваць Жаковіч па двух артыкулах на 20 сутак. Сваё 50-годзьдзе 8 сакавіка жанчына адсьвяткуе ў ізалятары.