У Горадні 3 сакавіка меліся агучыць прысуд Аляксею Лапу, якога 11 жніўня моцна пабіў АМАП, але падсудны не зьявіўся на абвяшчэньне выраку, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Яго абвясьцілі ў вышук, да таго ён быў пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Пракурор прасіў для Аляксея Лапы тры гады калёніі, канфіскацыю аўтамабіля і кампэнсацыю судовых выдаткаў. Яго вінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту супрацоўніку праваахоўных органаў» (арт. 364 КК РБ), а супрацоўнікі АМАП Павал Конан і Арцём Логіш былі прызнаныя пацярпелымі (па мэдычную дапамогу не зьвярталіся).
Як раней расказваў абвінавачаны, 11 жніўня ён працаваў у службе таксі «Максім» на ўласнай машыне, але інтэрнэт тады не працаваў, замоваў не было, таму проста езьдзіў па горадзе з трыма сябрамі. На выезьдзе з паркоўкі невядомыя сталі біць яму па машыне, у цемры ён не разгледзеў нападнікаў. Калі машыну сталі біць па лабавой шыбе, ён зьехаў.
Паводле абвінавачаньня, ён наехаў на праваахоўнікаў. Сам Лапа заяўляў, што тыя былі без апазнавальных знакаў і нічога не казалі, а сам ён ня меў намеру ім нашкодзіць.
Праз 700 мэтраў машыну падсуднага спынілі супрацоўнікі АМАП, разьбілі машыну, выцягнулі зь яе людзей, моцна зьбілі. У Лапы зафіксавалі шматлікія пераломы і гематомы, пералом сківіцы, скулавой косткі, гаймаравай поласьці, носа. Яму зрабілі апэрацыю.
На сьведку завялі крымінальную справу, на нападнікаў — не
У крымінальнай справе супраць нападнікаў Аляксею Лапу адмовілі: Сьледчы камітэт не пабачыў складу злачынства. На судзе ў яго ў якасьці сьведкі выступаў Ігар Лазовік. Пасьля гэтага на Лазовіка таксама завялі крымінальную справу паводле таго ж артыкула 364.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Лазовік ня менш за 6 разоў ударыў камандзіра роты АМАП Дзьмітрыя Рахунка па тулаве, руках і нагах. Той атрымаў «менш цяжкія пашкоджаньні»: пералом фалангі пальца, кровападцёкі на калене і руках. Лазовік віны не прызнаў, расказаў пра пабоі пры затрыманьні, зафіксаваную чэрапна-мазгавую траўму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На каленях ляжаў бэчэбэшны сьцяг». Пачалі судзіць гарадзенца, які са сьведкі стаў фігурантам справы аб гвалце над міліцыянтам