Адразу пасьля затрыманьня сьледчыя завялі дзьве крымінальныя справы — паводле часткі 1 артыкула 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («хуліганства, якое суправаджаецца асаблівым нахабствам і цынізмам») і паводле часткі 4 артыкула 358 («выкарыстаньне заведама фальшывага дакумэнта»). Абодва гэтыя правапарушэньні караюцца як штрафам, так і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Пазьней суд аб’яднаў дзьве гэтыя справы ў адну вытворчасьць.
«Суд закрыў справу па заканчэньні тэрміну прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці», — паведаміў Свабодзе адвакат актывісткі Яраслаў Яцэнка. Ён удакладніў, што адпаведнае рашэньне суд ухваліў летась 10 сьнежня, а апублікавалі яго 31 сьнежня. Суд таксама пастанавіў аднесьці на рахунак дзяржавы 2116,96 грыўні выдаткаў (каля $67), якія пайшлі на правядзеньне тэхнічнай экспэртызы ў рамках крымінальнай справы.
Цягам 2020 году суд некалькі разоў пераносіў разгляд справы па сутнасьці — не зьяўляліся пракуроры ці судзьдзі, або хварэла абвінавачаная.
«Суд не прымаў рашэньня пра тое, вінаватая Анжаліна ці не. Закрыў справу без высьвятленьня ісьціны. Мы маглі патрабаваць поўнага разгляду справы да выраку, але гэта магло б расьцягнуцца яшчэ на год ці нават больш. І Анжаліна ўжо проста не хацела, бо вельмі стамілася ад гэтага суду», — патлумачыў адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маральны тэрор і беспрацоўе. Як «сэкстрэмістка» з Femen пражыла год пасьля акцыі пратэсту перад ЛукашэнкамЯраслаў Яцэнка дадаў, што фармулёўка суду — «вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўнасьці ня мае рэабілітацыйнага характару» — ня мае ніякіх наступстваў для грамадзкага статусу Анжаліны Дыяш. «Няма ніякага статусу (ні абвінавачаная, ні прыцягнутая да адказнасьці. — РС). Крымінальную справу закрылі. І ніякіх абмежаваньняў яна ня мае», — сказаў адвакат.
Да якіх акцыяў датычная Анжаліна Дыяш
Пасьля акцыі перад Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам Анжаліна Дыяш правяла яшчэ некалькі акцый.
7 лістапада 2017 году ў чырвонай хустцы і галіфэ часоў СССР яна паднялася на помнік працоўным заводу «Арсэнал» у Кіеве і заклікала аб’яднацца «пралетарыяў усіх краін», каб раздушыць «шакалядную гідру». Гэтая акцыя стала відавочным намёкам на тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, які валодае бізнэсам па вытворчасьці шакаляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка Femen, якую будуць судзіць за аголены пратэст супраць Лукашэнкі, правяла ў Кіеве антыўрадавую акцыюУ верасьні 2017 году ў Харкаве за некалькі хвілін да пачатку адборачнага матчу чэмпіянату сьвету па футболе між зборнымі Ўкраіны і Турэччыны актывістка напаўаголеная выбегла на поле. На грудзях у яе было напісана «Эрдаган забойца».
У студзені 2018-га Анжаліна Дыяш кінулася да прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана на выбарчым участку ў Празе, выкрыкваючы: «Zeman, Putin’s slut!» (Зэман — Пуцінава к...рва!). За гэтую акцыю праскі суд пакараў яе трохмесячным умоўным зьняволеньнем з гадавым выпрабавальным тэрмінам, а потым яе дэпартавалі з Чэскай Рэспублікі з гадавой забаронай уезду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка, якая выбегла паўголая перад Зэманам, пакараная ўмоўным тэрмінам і дэпартацыяйМенавіта пасьля акцыі ў Чэхіі Анжаліну Дыяш звольнілі з прыватнага дзіцячага садка, у якім яна працавала. Як паведаміла Свабодзе Анжаліна Дыяш, бацькі дзяцей былі абураныя яе дзейнасьцю ў Femen. Але, нават нягледзячы на страчаную працу, яна ня мае намеру адмаўляцца ад удзелу ў гэтай арганізацыі. «Я ведаю, што я была добрай настаўніцай, я не расчараваная і гляджу наперад. Я ведаю, што знайду нешта новае для сябе», — перакананая актывістка.