2 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня народзінаў Міхаіла Гарабачова — генэральнага сакратара ЦК КПСС (1985-91), прэзыдэнта СССР (1990-1991), ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.
Пра ролю Гарбачова ў гісторыі і ў сучаснасьці разважаюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Дракахруст:
- Мала якія постаці ў савецкай і постсавецкай гісторыі выклікаюць такія супярэчлівыя думкі і жарсьці аж дагэтуль.
- Адносна Гарбачова кажуць — «Якую дзяржаву развалілі!», хаця, магчыма, ён гэтага і не жадаў. Але адбылося тое, што Пуцін назваў «самай вялікай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя». І ня толькі ён гэтак лічыць. У гэтым сэнсе, кніга Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» перадае вось гэтае адчуваньне катастрофы.
- Варта сказаць, што пры распадзе імпэрыі кроў усё ж пралілася, і яна была пралітая «цэнтрам». Яна пралілася ў Тбілісі, яна пралілася ў Вільні, яна пралілася ў Баку. Далей ужо пайшлі падзеі, не зьвязаныя з «цэнтрам», пасьля распаду СССР — грамадзянская вайна ў Таджыкістане, потым Чачэнія, Асэтыя. Аднак паўтору плошчы Таньаньмэнь ва ўсесаюзным маштабе Гарбачоў не зрабіў.
- Падчас разнастайных апытаньняў, якія праводзяцца ў Расеі, Гарбачоў адзін з найгоршых кіраўнікоў. Яго ацэньваюць як слабага кіраўніка, а станоўча ацэньваюцца жорсткія кіраўнікі. Летась Лукашэнка прадэманстраваў надзвычайную прагу да ўлады — «за ўладу пралью любую кроў». А вось Гарбачоў перад крывёю спыніўся.
- Гэта як у стужцы Лунгіна «Цар», дзе Іван Жахлівы гаворыць: «Як чалавек я грэшны, а як цар — праведны». Вось Гарбачоў не пажадаў быць грэшным чалавекам.
- Аднак ацэнка лідэра паводле гатоўнасьці да сілавых крокаў адбываецца ня толькі ў расейцаў. Можна ўзяць палякаў, французаў, амэрыканцаў — усе на першае месца ставяць людзей моцнай волі, часам заваёўнікаў, і звычайна пераможцаў. Той жа Пілсудскі да выбарчых працэдур ставіўся, скажам так, вельмі дыялектычна, але каля Бэльведэру стаіць яму помнік.
- У Лукашэнкі ёсьць «сындром Гарбачова» — многія крокі Лукашэнкі, магчыма, тлумачыцца гэтым гэтым: «Зраблю, як Гарбачоў, — страчу ўладу».
Навумчык:
- У гісторыі часам важна ня толькі тое, што палітык зрабіў, але і тое, чаго ён не зрабіў. Гарбачоў не пайшоў на тое, да чаго яго падштурхоўвалі генэралы і артадаксальная частка ягонага атачэньня — ня стаў утрымліваць распад Савецкага Саюзу сілай. Так, кроў пралілася. Але яе магло быць значна болей.
- Калі б Гарбачоў не распачаў зьмены, ці калі б у пэўны час ён загадаў зьнішчыць грамадзкую актыўнасьць (зьнішчыць кулямі і новым ГУЛАГам) — усё б заставалася па-ранейшаму.
- Я думаю, што апошнія гады прымушаюць нас перагледзець тэорыю, якая панавала адразу пасьля 1991 — што, маўляў, камуністычная сыстэма, СССР не ўтрымаліся б, нават калі б Гарбачоў не распачаў ніякіх зьменаў. Бо патаньнела нафта, узьнік дэфіцыт тавараў, людзі б далей ужо не трывалі б. Цяперашні час паказаў, што дыктатар можа трымаць уладу як заўгодна доўга, нават калі ў краіне эканамічная катастрофа, як у Паўночнай Карэі. Ці ў Вэнэсуэле. Калі ёсьць моцныя спэцслужбы, армія — ён можа ўладарыць да сьмерці. Так, коштам крыві, але можа. У СССР у канцы 80-х з арміяй і з КДБ было ўсё ў парадку, яны былі гатовыя выканаць загад на задушэньне.
- Улада для Гарбачова была толькі сродкам для дасягненьня палітычных мэтаў, але ніяк не самамэтай. І ў гэтым ягонае поўнае адрозьненьне ад такіх, як Лукашэнка ды Пуцін, для якіх улада, яе захаваньне — галоўная мэта.
- Існуе тэма Чарнобылю, якую мы, беларусы, ня можам абысьці, гаворачы пра Гарбачова. Кіраўніцтва СССР доўгі час хавала праўду пра рэальны маштаб катастрофы. Праўда, гэты маштаб цяжка было адразу ўсьвядоміць, не хапала і Гарбачову інфармацыі (па яго словах), але першы ягоны выступ па ЦТ напалову складаўся з праклёнаў «імпэрыялізму», «рэакцыйным сілам».
- Але калі мы ўявім, што не Гарбачоў быў бы абраны ў 1995 годзе генсакам, а Грышын (найбольш імаверная тады кандыдатура), дык пра Чарнобыль мы маглі б увогуле не даведацца ці даведацца праз дзесяцігодзьдзі, як праз шмат гадоў даведаліся пра Семіпалацінск.
- Што да адчуваньняў герояў кнігі Алексіевіч — ну дык яны адчулі і ўбачылі менавіта жахі. Выбар тэмы, як і герояў — права аўтара. Сама ж Алексіевіч, наколькі мне вядома, лічыць Гарбачова найбольш выбітным дзеячам ХХ стагодзьдзя. Я б удакладніў, паставіўшы побач і Ўінстана Чэрчыля — абодва моцна паўплывалі на тое, каб пасьля ХХ стагодзьдзя ХХI стагодзьдзе ўсё ж надышло. Гэта бясспрэчна дзьве вялікія асобы на «баку сьвятла», бо ёсьць, на жаль, і тыя, хто на «змрочным баку».