Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Шурын. На лаве падсудных — дзесяць чалавек. Гэта ўжо другая «партыя» абвінавачаных. Колькасьць абвінавачаных дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у Беларусі. Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваюць пракуроры Юшчук і Ляшок. 1 сакавіка пракуроры папрасілі ў суду пакараньня для абвінавачаных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шукалі лялькавода, бо не маглі зразумець, што людзі выйшлі самі». Асуджаныя «за карагод» дзяўчаты пра сваю справуЯк перадае берасьцейская «Вясна», пракуратура палічыла даказанай віну васьмі чалавек паводле ч. 1 арт. 342 КК і папрасіла прызначыць гэткія пакараньні:
- Генадзь Місюта — 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі»;
- Аляксей Бараноўскі, Дзьмітры Качурка і Ўладзімер Талатыньнік — 1 год і 6 месяцаў «хіміі»;
- Дзьмітры Абрамук і Віталь Брух — 2 гады «хіміі»;
- Аляксей Арцецкі — 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму;
- Дзьмітры Буневіч — 1 год 8 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.
Прысуд ім будзе абвешчаны 15 сакавіка ў 11:00. Двум абвінавачаным (Валянціне Жукоўскай і Сяргею Наліўку) прысуд будзе вынесены пазьней.
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле абвінавачаньня, кожны з 10 падсудных у групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Берасьцейскі аўтобусны парк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У яе пад вакном стаяў аўтазак, білі людзей» — бацькі пра 25-гадовую палітзьняволеную Марыну ГлазавуШто з астатнімі фігурантамі справы?
Праваабаронцам «Вясны» вядома, што двух берасьцейцаў па «справе карагодаў» 9 лютага пасьля выкліку ў Сьледчы камітэт зьмясьцілі ў СІЗА. Гаворка ідзе пра Рамана Яхіна і Арсенія Сіняка. На гэты момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя ў гэтай справе. Марыну Глазаву, якую ўтрымлівалі ў СІЗА два месяцы, перавялі пад хатні арышт. У адносінах да астатніх абвінавачаных абраныя меры стрыманьня, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.
Таксама завершанае папярэдняе сьледзтва па «трэцяй» партыі. Там абвінавачаных адзінаццаць: 63-гадовая актывістка Алена Гнаўк, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юры Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кірыл Луда, Радзівон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка суды адбудуцца і над імі.