Да страйку на «Беларуськаліі» далучыўся 39-гадовы Дзьмітры Федарэнка, які працуе на прадпрыемстве ад 2001 году. Ён супрацоўнік 3-га рудніку, майстар тэхналягічнага комплексу паверхні шахты, ягоны зварот да суайчыньнікаў апублікаваў тэлеграм-канал страйкаму прадпрыемства.
«У мяне ёсьць выдатная жонка і маленькі сыночак. Як і ва ўсіх, прысутнічаў страх і нерашучасьць страціць працу ў „Беларуськаліі“, якая нядрэнна аплачваецца. Але час мінае, а сытуацыя толькі пагаршаецца. Далей я не знаходжу магчымым заставацца ў баку пасіўным назіральнікам і ахвярай», — напісаў Федарэнка ў звароце.
Ён вырашыў далучыцца да страйку, бо ўсё, што адбываецца, «несумяшчальнае з уяўленьнямі аб чалавечым сумленьні, гонары і годнасьці, ідзе ў разрэз з агульначалавечымі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькіх сяброў страйкаму «Беларуськалію» затрымалі і пабілі 28 лютагаУ пачатку лютага пачаў працаваць Фонд дапамогі сем’ям страйкоўцаў «Беларуськалію». Грошы можна пералічыць на «кашалёк» страйкаму ў Bitcoin і іншых крыптавалютах. Агульная колькасьць страйкоўцаў паводле страйкаму перавышае 130 чалавек.
Тым часам нарвэская кампанія Yara, якая мае кантракт зь «Беларуськаліем», магчыма, спыніць супрацоўніцтва зь дзяржаўным прадпрыемствам, адным з базавых для рэжыму Лукашэнкі. 1 сакавіка кампанія правядзе відэасустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
28 лютага ў адрас кіраўніцтва Yara International даслалі падпісаную больш чым 50 тысячамі чалавек пэтыцыю аб просьбе спыніць куплю калійных угнаеньняў у «Беларуськалію», пакуль ня будуць выкананыя патрабаваньні страйкаму, у тым ліку новыя прэзыдэнцкія выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1 сакавіка — сустрэча кіраўніцтва пакупніка беларускіх калійных угнаеньняў Yara зь беларускай дыяспарай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» заснавалі фонд дапамогі страйкоўцам