Алена Лебядзінская — адна з пэнсіянэрак, якіх у пятніцу 26 лютага затрымалі пасьля выхаду з электрычкі на станцыі «Масюкоўшчына» у Менску і адправілі на Акрэсьціна. У суботу яе вызвалілі, суд прызначылі на 2 сакавіка. Жанчына расказала Tut.by пра тое, што здарылася.
Затрыманых пэнсіянэраў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі: яны чыталі ў цягніку кнігі беларускіх пісьменьнікаў, па некаторых зьвестках, у кагосьці ў руках былі бел-чырвона-белыя сьцяжкі.
Спадарыня Алена кажа, што выехалі зь Менску ў 10.40, у вагоне было каля 30 пажылых людзей, з сабой у іх былі кнігі. Праз 4 хвіліны — на прыпынку «Менск-Паўночны» некалькі пасажыраў выйшлі, і яна ўбачыла, што іх затрымліваюць. Алена выйшла на наступным прыпынку, разам зь яшчэ адной жанчынай спусьцілася ў пераход. Да іх падышлі мужчыны ў «цывільным», адзін прадʼявіў пасьведчаньне і папрасіў прайсьці для высьвятленьня асобы. Спадарыня Алена паказала пашпарт і пэнсійнае пасьведчаньне, але сілавік адказаў «раптам яны не адпавядаюць рэчаіснасьці» і папрасіў праехаць «на паўгадзіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чыталі беларускія кнігі», — праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне пэнсіянэраў на чыгуначнай станцыі Менск-ПаўночныКалі іх пасадзілі ў машыну, там ужо былі тры жанчыны, пазьней падсадзілі яшчэ дваіх. Усіх адвезьлі ў Заводзкае РУУС Менска. Самай старэйшай было 75 гадоў, яе пазьней аштрафавалі па арт. 23.34 КаАП на 725 рублёў і адпусьцілі дадому. У РУУС у спадарыні Алены канфіскавалі грошы, завушніцы, гадзіньнік.
«Больш за ўсё пытаньняў выклікалі кнігі, якія мы чыталі. Нам паведамілі, што гэта ледзь не апазыцыйная літаратура. Але ў мяне з сабой быў зборнік вершаў Янкі Купалы, — кажа суразмоўца. — У іншых пасажыраў я таксама бачыла толькі клясыку. У кагосьці Гілевіча, у кагосьці Коласа, у кагосьці Караткевіча. Міліцыянты сказалі, што рабіць нам няма чаго, хтосьці на нас зарабляе грошы. А мы лепш бы шкарпэткі вязалі. Але ж мы не стаялі недзе з плякатамі. Мы чыталі ў электрычцы».
З сымболікі ў спадарыні Алены была хіба вокладка на пашпарце з арнамэнтам і надпісам «Пашпарт беларусачкі».
У пастанове аб накладаньні арышту на маёмасьць, які выдалі Алене, напісана, што 26 лютага ад станцыі «Менск-Пасажырскі» да станцыі «Менск-Паўночны» яна ў складзе групы грамадзян удзельнічала ў пікетаваньні, ня ўзгодненым Менгарвыканкамам, нібыта выкрыквала «Жыве Беларусь!» і была апранутая ў бела-чырвона-белую вопратку. Жанчына кажа, што не была ў бел-чырвона-белым, і гэта можна пабачыць на відэа (іх здымалі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчын, затрыманых за акцыю ў электрычцы, на Акрэсьціна трымалі ў перапоўненай камэры і без матрацаўЗь міліцыі жанчын «да суду» адвезьлі на Акрэсьціна. Алену і яшчэ 6 жанчын зьмясьцілі ў чатырохмесную камэру. Самай маладой зь іх было 50 зь лішкам, астатнія — пэнсіянэркі. Сярод затрыманых была і інвалід II групы. Мясцовы лекар не хацеў яе прымаць, хоць у яе не было з сабой патрэбных таблетак.
У камэры было вельмі халодна, а жанчыны былі лёгка апранутыя. У той дзень ім ніхто не прапанаваў «нават скарыначкі хлеба», ваду пілі з-пад крана, распавядае спадарыня Алена. Матрацаў і мыла таксама не далі. Казалі «рукі за сьпіну, тварам да сьцяны», былі і непрыемныя словы ў іх адрас, кажа жанчына. У суботу іх перавялі ў ЦІП, у двухмеснай камэры было 13 чалавек. Адтуль сталі выклікаць некуды па адным. Тыя, каго выклікалі, не вярталіся, і жанчыны не разумелі, што адбываецца.
«Мяне выклікалі чацьвёртай і паведамілі, што 2 сакавіка мне трэба зьявіцца ў суд, а цяпер з рэчамі на выхад. Я нават не пасьпела ўзрадавацца. Папрасіла патэлефанаваць родным, каб прыехалі забралі. «Не паложана», — адказалі мне. Алена жыве ў іншай частцы горада. Выйшла і ледзь не расплакалася, бо грошай няма і ня ведала, куды падзецца. На прыпынку грамадзкага транспарту яна падышла да дзяўчыны гадоў трыццаці, патлумачыла сытуацыю і папрасіла патэлефанаваць, але ў адказ пачула: «Не, няма чаго швэндацца, бруд разносіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрку аштрафавалі за «Марш мудрасьці» і забралі завушніцы да выплаты штрафу«Яе словы мяне ранілі больш, чым сытуацыя на Акрэсьціна», — ледзь стрымліваючы сьлёзы, кажа Алена. Іх гутарку пачула нейкая пара. Яны тут жа далі жанчыне патэлефанаваць, родныя прыехалі і забралі яе.
Паводле спадарыні Алены, у міліцыі казалі, што затрымалі 26 чалавек. Людзей развозілі па розных РУУС, таму што зь імі было далей, яна ня ведае. Паводле інфармацыі TUT.BY, як мінімум адна пэнсіянэрка, якую затрымалі ў пятніцу ў электрычцы, усё яшчэ знаходзіцца на Акрэсьціна. Жанчыне 66 гадоў, гэта яе трэцяе затрыманьне.