Саудаўскі насьледны прынц Мухамэд бін-Салман асабіста ўзваліў плян захопу ці забойства журналіста Джамаля Хашокджы ў 2018 годзе, гаворыцца ў абнародаваным 26 лютага дакладзе амэрыканскай выведкі.
Сам Мухамэд бін-Салман сваю датычнасьць адмаўляе.
ЗША ўводзяць забарону на выдачу візаў 76 грамадзянам Саудаўскай Арабіі, якіх падазраюць у перасьледзе дысыдэнтаў за мяжой.
Адрасныя фінансавыя санкцыі ўводзяць супраць былога намесьніка кіраўніка саудаўскай службы агульнай выведкі Ахмэда Асіры і элітнага падразьдзяленьня сілаў хуткага рэагаваньня, якое падпарадкоўваецца Мухамэду бін-Салману.
Журналіст, вядомы рэзкай крытыкай на адрас уладаў Саудаўскага каралеўства, перш за ўсё, насьледнага прынца Мухамэда бін-Салмана, быў забіты ў Стамбуле, у консульстве сваёй краіны. Эр-Рыяд сьцьвярджае, што яго гібель стала вынікам грубай спэцапэрацыі, і што кіраўніцтва краіны гэтага не санкцыянавала.
Астанкі журналіста не знайшлі дагэтуль. Мяркуецца, яго цела разьдзялілі і вынесьлі з будынка дыпмісіі.
Суд у Саудаўскай Арабіі сьпярша вынес сьмяротны прысуд пецярым абвінавачаным у гібелі Хашокджы, але потым замяніў прысуд на 20 гадоў зьняволеньня. Слуханьні праходзілі пры зачыненых дзьвярах.
У 2019 годзе спэцдакладчыца ААН Агнэс Калямар абвінаваціла кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі ў наўмысным і сплянаваным забойстве Джамаля Хашокджы. Яна назвала арганізаваны ў каралеўстве судовы працэс «антытэзай правасудзьдзю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бяз межаў»: у 2020 годзе ў сьвеце забілі 50 журналістаў