Андрэй Заастроўцаў, кандыдат эканамічных навук, навуковы супрацоўнік Эўрапейскага ўнівэрыстэту ў Санкт-Пецярбургу, 26 лютага выступіў з дакладам «Беларусь: рух супраць плыні». Ён называе Беларусь пратэктаратам Расеі і лічыць, што для пасьпяховых зьменаў у Беларусі патрэбная дэстабілізацыя расейскай улады.
- Цяперашняя Беларусь — пратэктарат Расеі. Гэта ня значыць, што беларускае кіраўніцтва цалкам несамастойнае. Яно можа канфліктаваць па шэрагу пытаньняў са сваім «апекуном», але Лукашэнка ня можа сысьці на Захад.
- Расея падтрымлівае «сацыяльна блізкіх» — тыя краіны і тэрыторыі, дзе ўсталяваліся падобныя да расейскай палітыка-эканамічны мадэлі. Пакуль Расея захоўвае цяперашні эканамічны і вайсковы патэнцыял, спробы памяняць такую мадэль выклічуць расейскае ўмяшаньне з імавернасьцю, блізкай да 100 працэнтаў.
- У рамках расейскага сілавога поля амаль немагчыма пабудаваць пасьпяховую эканоміку, ня кажучы ўжо пра дэмакратычныя інстытуты.
- Дапушчэньні, што Расея хацела б замяніць адыёзнага Лукашэнку на ўмоўнага Бабарыку ці Цапкалу, неабгрунтаваныя. Бо, паводле лёгікі Крамля, далейшыя працэсы можа пайсьці ў кірунку свабоднай рынкавай эканомікі і прававой дзяржавы. І нават калі новыя кіраўнікі будуць рабіць палітычныя паклоны Крамлю, Масква будзе сумнявацца, ці ўтрымаюць яны статус-кво, які задавальняе Расею. Калі будзе зьмяняльнасьць улады, дык няма гарантыі, што іх потым ня зьменіць празаходні лідэр, ці яны самі не адыдуць ад крамлёўскай лініі ў працэсе кіраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы стварылі монстра». Як у Беларусі наладжвалі сыстэму катаваньняў
- Існуе вузкая кааліцыя тых, хто атрымлівае выгады ад рэжыму ўнутры Беларусі — найперш кіраўніцтва буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Зьмена дыктатара на іншую сыстэму кіраваньня будзе для іх вялікай стратай.
- Праваслаўе (пагатоў, што яно рэпрэзэнтаванае прыходамі РПЦ) ня ў стане працаваць на сувэрэнную дзяржаўнасьць. Трэба памятаць, што РПЦ ёсьць, па сутнасьці, ідэалягічным ведамствам Крамля.
- Калі раптам у выніку палітычных узрушэньняў і раскладаў узьнікне такая магчымасьць, Расея не адмовілася б ад акупацыі балтыйскіх краінаў. Але пакуль такой магчымасьці няма, і ў Расеі ёсьць больш пільныя клопаты — утрымаць Беларусь, вярнуць у сваю арбіту Ўкраіну, Армэнію і Грузію.
- Пакуль за кожным сілавіком Лукашэнкі стаяць цені некалькіх расгвардзейцаў, на ягоны сыход ставіць ня варта. Для пасьпяховых уцёкаў Беларусі на Захад з абдымкаў расейскай «братняй любові» спатрэбіцца, відавочна, сур’ёзная дэстаблізацыя ўлады ў самой Расеі.