«Сёньня ў 10.45 у момант выхаду з электрычкі на станцыі Менск-Паўночны была затрыманая група пэнсіянэраў, — гаворыцца ў паведамленьні на праваабарончым сайце spring96.org. — Затрымлівалі людзі ў цывільным. Паводле слоў відавочцы, затрымалі восем чалавек. Яны ў электрычцы чыталі беларускія кнігі — акцыя ў падтрымку беларускай мовы. Затрыманых даставілі ў Заводзкае і Партызанскае РУУС».
Праваабаронцам удалося высьветліць імёны некаторых затрыманых: Натальля Іванісава (1946), Святлана Лазебнікава (1961), Ірына Новік (1961) і Галіна Гулянкова.
Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Сьпісы затрыманых», Лазебнікаву і Новік даставілі ў Партызанскае РУУС Менску, Іванісаву — у Заводзкае. Усяго ў паведамленьні тэлеграм-каналу фігуруюць імёны 13 чалавек, затрыманых 26 лютага.