З самой жа Вольгай Семчанкай спынілі працоўныя адносіны «за невыкананьне бяз важных прычынаў працоўных абавязкаў». Былая супрацоўніца тэатру сьцьвярджае, што яе вінавацілі ў тым, што займацца палітыкай.
Пра Вольгу Семчанку. Сьцісла
- Нарадзілася ў райцэнтры Клімавічы, што на Магілёўшчыне. Школу скончыла на «выдатна».
- У Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова вывучылася на журналіста.
- Працавала ў чавускай і магілёўскай раёнках, а таксама рэдактарам у Магілёўскім цэнтры народнай творчасьці.
- У Магілёўскі драматычны тэатар уладкавалася ў 2015 годзе. Рабіла ў ім рэквізытарам, літаратурным рэдактарам ды загадчыцай літаратурна-драматургічнай часткі.
- За ўдзел у пратэставых акцыях на яе склалі 5 пратаколаў, у ізалятары прабыла агулам 10 дзён.
«Беларуская мова — гэта пропуск у інтэлігенцкае асяродзьдзе»
Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце Вольга Семчанка адкрывала рэаліі, зь якімі сутыкаліся іншадумцы. Для 17-гадовай дзяўчыны яны не былі нечаканымі, бо яшчэ школьніцай, чытаючы «сур’ёзную дысыдэнцкую літаратуру», яна дапускала думкі, што ў краіне «нешта ня так». Ад выкладчыка Паўла Вусава, які потым зьехаў у Польшчу і стаў палітолягам, Вольга даведалася пра рэпрэсіі, якія на пачатку 2000-х пакуль былі толькі адзінкавымі. Пасьля на ўласныя вочы пабачыла, як на мітынгах апазыцыі хапалі ўдзельнікаў.
На першым курсе пад уплывам яшчэ аднаго выкладчыка, Сяргея Ўкраінкі, яна вырашыла ў побыце гаварыць толькі па-беларуску. Вольга кажа, што наважылася стаць беларускамоўнай пасьля лекцыі аб журналістыцы ў Японіі і Нямеччыне. Яна не магла сабе ўявіць да гэтага, «як можна па-беларуску апавядаць пра Японію». Дзяўчына стала купляць газэты «Народная воля», «Наша ніва», «Навінкі».
«Вусаў і Ўкраінка былі для мяне як глыток сьвежага паветра, — успамінае яна. — На іхным прыкладзе пераконвалася, што ня толькі іначай можна мысьліць, але і жыць».
Вольга кажа, што перайсьці на беларускую мову для яе не было складана, бо ў школе вучылася ў «экспэрымэнтальнай беларускай клясе». Маці да рашэньня дачкі паставілася з разуменьнем. Сябры спачатку пасьмейваліся, але «хутчэй ад нечаканасьці». У родных Клімавічах дзяўчыне далі мянушку «патрыёт».
«Беларуская мова — гэта пропуск у інтэлігенцкае асяродзьдзе, — адзначае суразмоўца. — Але і тут усё, як і ў жыцьці: сустракаюць па мове, праводзяць па розуме».
Вінавацілі, што займаецца палітыкай, «разлагае калектыў»
Вольга Семчанка кажа, што пасьля ўнівэрсытэту два гады адпрацавала ў Чавускай раёнцы і ўвесь гэты час выпісвала для яе незалежныя мэдыя. У Магілёве да тэатру працавала рэдактарам мэтадычнага цэнтру народнай творчасьці. Лічыць, што ёй пашанцавала пабачыць дзяржаўную сыстэму знутры, ня стаўшы яе часткай.
У Магілёўскі драматычны тэатар шэсьць гадоў таму Вольгу ўзялі рэквізытарам. Яна прызнаецца, што гэтыя абавязкі былі нязвыклымі і стамлялі. Ёй жа хацелася пісаць, таму сышла ў мясцовую раёнку «Прыдняпроўская ніва», але ненадоўга. Праз два месяцы тагачасны дырэктар Андрэй Новікаў папрасіў вярнуцца. На пасадзе літаратурнага рэдактара яна займалася арганізацыйнымі пытаньнямі, рэклямай, адказвала за сувязь з грамадзкасьцю ды рэдагавала тэксты. Апошнія тры гады рабіла яшчэ і загадчыцай літаратурна-драматургічнай часткі тэатру.
Вольга цьвердзіць, што кіраўніцтва да ейнай працы ня мела прэтэнзіяў. Пра тэатар шмат пісалі, а тэлевізійнікі здымалі перадачы. Знаходзіцца ў творчым калектыве ёй падабалася. Сытуацыя зьмянілася, калі з Андрэем Новікавым скасавалі кантракт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве звольнілі шматгадовага дырэктара драмтэатру. Супрацоўнікі: прычына — пратэставая актыўнасьць калектывуСемчанка была сярод тых, хто спрабаваў вярнуць у тэатар звольненага дырэктара. З калегамі ў яго абарону пісала звароты, складала пэтыцыі, бо лічыла гэта сваім грамадзкім і чалавечым абавязкам. Па ейных словах, на лісты з подпісамі соцень гараджан прыходзілі адпіскі. За два дні да звальненьня яна разьмясьціла крытычны камэнтар на сваіх старонках у сацыяльных сетках, а таксама даслала яго разам зь лістамі падтрымкі Новікава ад тэатральных калектываў і міжнародных асацыяцыяў у Міністэрства культуры. Кіраўніцтва папрасіла яе звольніцца «па ўласным жаданьні», але Вольга адмовілася.
18 лютага зь ёй спынілі працоўныя адносіны «за невыкананьне бяз важных прычын працоўных абавязкаў». На той момант яна мела тры дысцыплінарныя спагнаньні, накладзеныя за апошні час. Яны і далі адміністрацыі падставу для звальненьня супрацоўніцы. Па словах Семчанкі, падчас прафіляктычных гутарак яе вінавацілі ў тым, што займаецца палітыкай, «разлагае калектыў» і «зьневажае сваімі выступамі тэатар».
«Можа, прасьцей было б пагадзіцца на звальненьне, — разважае яна. — і не было б тады ганебнага запісу ў працоўнай кніжцы. Мяне даўно хацелі прыбраць, і гэта было пытаньнем часу. Апошні мой допіс паскорыў звальненьне, але я ні пра што не шкадую. Я рабіла тое, што падказвала мне сэрца, сумленьне і розум».
«Каб тэатар не ператварыўся ў дзяржаўную кантору, якая будзе толькі выконваць загады»
23 лютага Вольга зьехала са службовай кватэры і забрала з тэатру некалькі пакетаў сваіх рэчаў, выстаўленых на калідоры ля вахтаркі.
Былая супрацоўніца кажа, што ў яе засталіся добрыя стасункі з калегамі, якія запрашаюць у тэатар госьцяй, але яна ня ўпэўненая, што кіраўніцтва гэтаму ўзрадуецца.
«За гады зжылася з трупай і, як давялося разьвітвацца, то зразумела, што страчваю, — кажа суразмоўца. — Сыход з тэатру — нібы разьвітаньне зь любімым чалавекам. Такі моцны псыхаэмацыйны ўдар».
Паводле Вольгі, са звальненьнем Новікава атмасфэра ў тэатры зьмянілася. Раней у ім былі «дэмакратычныя парадкі з творчай атмасфэрай, характэрнай для культурнай установы».
Новае ж кіраўніцтва пачало «закручваць гайкі», адбылося нямала кадравых перастановак. Яна непакоіцца, каб тэатар «не пераўтварыўся ў дзяржаўную кантору, якая будзе толькі выконваць загады». На яе думку, у такім выпадку мастацкім узроўнем ён стане самадзейным, а калектыў разьбяжыцца.
«У мяне баліць сэрца, што я не пасьпела распачаць рэклямную кампанію новай пастаноўкі „Калігула“, — працягвае яна. — Гэта складаны спэктакль з моцным гуманістычным, філязофскім мэсыджам гледачу».
«Шляху назад ужо няма»
Вольга — удзельніца леташніх пратэстаў. Яна зьведала норавы міліцыі, пабыла абвінавачанай у судах ды пасядзела 10 дзён у мясцовым ізалятары. У адным з пратаколаў было адзначана: Семчанка ішла ў калёне людзей, ня згодных з вынікамі выбараў, з прадметамі, падобнымі на сьвісьцёлку і бразготку, якія выдавалі гукі.
Аб вызваленьні Семчанкі без пакараньня ў пракуратуру і суд зьвярталіся акторы тэатру, якія даводзілі, што яе адсутнасьць на працы перашкаджае сувязям з замежнымі партнэрамі, а таксама рэклямаваньню пастановак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве прысудзілі «суткі» загадчыцы аддзелу драмтэатруВольга прызнаецца: да 2020 году ня думала, што мітынгамі і шэсьцямі можна нешта зьмяніць. Лічыла, што такія пратэсты прывядуць толькі да рэпрэсіяў. Абурэньне сытуацыяй у краіне хавала ўнутры сябе.
Летась жа, як і тысячы беларусаў, вынесла незадаволенасьць дзяржаўнай палітыкай на вуліцу. Хадзіла са сьцягам, выгуквала лёзунгі і дзівілася колькасьці магілёўцаў, нязгодных з рэжымам. Вольга гаворыць, што ў жніўні-верасьні была атмасфэра сьвята і ўсе былі салідарныя. Пра рэпрэсіі «ня думалася».
«Пра тое ў прынцыпе ня варта думаць, бо гэта дэматывуе, — адзначае яна, — Шляху назад ужо няма. З нашым існаваньнем улада ня зьмірыцца. Нас усіх пералічылі па галовах, і далей з намі будуць „працаваць“. Калі б пратэст для яе ня быў настолькі важны, то нас бы не саджалі».
Раней Вольга чытала пра міліцыю ў газэтах і думала, што ў публікацыях згушчаюць фарбы пра мэтады яе дзейнасьці. Калі сутыкнулася зь ёю сама, пераканалася: цяперашнія праваахоўныя органы «несправядлівыя і антычалавечыя» і патрабуюць «сур’ёзнай гуманізацыі».
Суразмоўцу ўразіла, як зьдзекліва, не па-людзку абыходзяцца з жанчынамі, якіх затрымлівалі за п’янку ці сямейныя скандалы. Саму Вольгу апошні раз забіралі ў міліцыю ў дзень адкрыцьця Ўсебеларускага народнага сходу. У аддзеле паказвалі ў выхаваўчых мэтах «прапагандысцкае відэа» пра людзей асацыяльных паводзінаў. Гэтыя стужкі былую супрацоўніцу тэатру абурылі. Паводле жанчыны, твары герояў не былі зарэтушаваныя, і яна сумняваецца, каб у іх бралі дазвол на здымку. Сваю незадаволенасьць не змагла стрымаць.
«Гэта проста жах. Так ня можа быць у цывілізаваным грамадзтве. Там няма людзкага стаўленьня да нікога ў прынцыпе, — кажа Вольга пра ўбачанае кіно ў міліцыі. — Ад такіх відэа да газавых камэраў адзін крок. Гэта гуманітарная катастрофа. Яны не адчуваюць градусу антыгуманізму. Калі чалавек туды не трапляе, то не падазрае, што такое можа быць наагул».
«Вяртаюся да каранёў ужо ў сьвядомым узросьце»
Пра сваю будучыню Вольга Семчанка гаворыць зь неахвотаю, бо «плянаваць у гэтай краіне немагчыма, бо невядома, ці застанёмся мы на волі».
Пакуль яна на раздарожжы. Шукаць працу для выжываньня ня хоча. Спадзяецца, што «хутка разьбярэцца з побытавымі праблемамі і пойдзе далей».
«Дзякаваць Богу, у мяне ёсьць грамадзка-культурная дзейнасьць: папулярызацыя народных танцаў ды сьпеваў. Гэта бясконцае поле для ўкладаньня сілаў ды навучаньня», — даводзіць яна.
Суразмоўца кажа, што ў фальклёрнай дзейнасьці яна на пачатку шляху. Некалькі разоў з Студэнцкім этнаграфічным таварыствам езьдзіла ў экспэдыцыі. Шкадуе, што ў юнацтве гэтым не цікавілася, бо ейныя бабулі сьпявалі і ведалі замовы.
«Цяпер я вяртаюся да сваіх каранёў ужо ў сьвядомым узросьце», — адзначае яна.
Сьпяваць Вольга раней адважвалася толькі сама сабе, але пазьней далучылася да суполкі дзяўчат. Да каранавірусу і палітычных рэпрэсіяў яны зьбіраліся часта ў розных месцах гораду на сьпевы, але вымушана прыпыніла такую практыку. Вольга кажа, што песьні дапамаглі ёй адаптавацца ў няволі. У камэры і «малпоўні» яна сьпявала.
Танцамі захапілася два гады таму. Яны дапамаглі ёй наладзіць стасункі зь людзьмі пасьля асабістага крызісу. Цяпер Вольга ўзначальвае клюб аматараў народных танцаў, які ладзіць майстар-клясы для ахвотных вучыцца ім.