Камітэт міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліў праект рэзалюцыі, якая прызнае Каардынацыйную раду легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады ў Беларусі. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
У той жа час камітэт заявіў, што праведзеныя ў жніўні прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, і таму Кангрэс ЗША «не прызнае абвешчаныя ўрадам вынікі, а Аляксандра Лукашэнку — законным прэзыдэнтам Беларусі».
Дакумэнт, які патрабуе ўхваленьня Палаты прадстаўнікоў у поўным складзе, заклікае да працягу супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі і іх трансатлянтычнымі саюзьнікамі «для пошукаў шляхоў падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Кангрэсу ЗША: прэзыдэнт Байдэн хоча бачыць Беларусь і Ўкраіну чальцамі ЭЗРэзалюцыя таксама заклікае да прыняцьця далейшых адрасных санкцый у каардынацыі з Эўрапейскім зьвязам, Злучаным Каралеўствам, Канадай і іншымі саюзьнікамі і партнэрамі.
Згодна з дакумэнтам, санкцыі павінны быць накіраваныя супраць афіцыйных асоб Беларусі, «якія чынілі парушэньні правоў чалавека і якія ўдзельнічалі ў дзеяньнях, што прывялі да фальсыфікацыі вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 году».