Ганьба Ватыкану

Плошча сьвятога Пятра, Рым

11 сакавіка сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэньня выдатнага беларускага рэлігійнага дзеяча, дырэктара Беларускай сэкцыі Радыё Ватыкану, заснавальніка і рэдактара часопісу «Божым шляхам» архімандрыта Льва Гарошкі (1911–1977).

Спадчына айца Льва ўяўляе сабой цэлы беларускі кантынэнт — сапраўдную Атлянтыду, амаль невядомую ў Беларусі. Калі сабраць усё, што напісаў айцец Гарошка, ня хопіць і дзесяці тамоў. Дастаткова згадаць яго фундамэнтальныя манаграфіі «Сьвятая Эўфрасіньня-Прадслава Полацкая. Патронка Беларусі» і «Навука і рэлігія».

Адзін заснаваны ім часопіс «Божым шляхам», які выдаваўся амаль 40 гадоў, дагэтуль застаецца непераўзыдзеным узорам штомесячнага рэлігійнага, гістарычнага і грамадзка-літаратурнага выданьня, якое зьмяшчае на сваіх старонках дзясяткі ня выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасьць зь якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне. Можна сказаць, што часопіс «Божым шляхам» — гэта сапраўдная энцыкляпэдыя беларускай рэлігійнай гісторыі, якую ў сучаснай Беларусі дагэтуль так і ня ведаюць належным чынам. Як, зрэшты, і яе аўтара — выдатнага сьвятара і інтэлектуала, пісьменьніка, гісторыка, публіцыста, знаўцу дзясятка эўрапейскіх моваў.

Архімандрыт Леў Гарошка, фота з часопісу «Божым Шляхам». №151, 1980 год

Але галоўнай справай айца Льва, бясспрэчна, было адраджэньне Ўніяцкай царквы як сродку здабыцьця поўнай нацыянальна-культурнай і духоўнай незалежнасьці Беларусі і беларускага народу. Свае погляды ён выклаў у гісторыка-публіцыстычнай кнізе «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры», у якой расказваецца, як суседнія краіны стагодзьдзямі імкнуліся духоўна заняволіць беларускі народ, навязваючы яму свае формы хрысьціянскага веравызнаньня.

І вось якраз з рэалізацыяй гэтай мэты і мары нашага выдатнага суайчыньніка зьвязаныя мае думкі ў дні ягонага юбілею.

Чаму ганьба. І чаму Ватыкану

Больш за 30 гадоў таму, у верасьні 1990 году, у Менску была ўтворана першая пасьля вайны грэка-каталіцкая парафія. Пасьля ўзьніклі іншыя суполкі, зьявіліся першыя сьвятары, пачалося рэгулярнае царкоўнае жыцьцё. Вернікі назвалі сваю адроджаную ўніяцкую царкву БГКЦ — Беларуская Грэка-каталіцкая царква.

Але царква ня можа існаваць бязь біскупа. Толькі са зьяўленьнем свайго біскупа яна атрымлівае кананічную паўнату і завяршэньне.

Паводле каталіцкага кананічнага права кожная япархія на чале зь біскупам зьяўляецца як бы паўнавартаснай асобнай царквой. Таму беларускія грэка-католікі ў 1991–1992 гадах сабралі 2500 подпісаў пад лістом да Папы Рымскага з просьбай прызначыць біскупа БГКЦ і прапанавалі на гэтую пасаду айца Аляксандра Надсана.

Адзін з падпісных лістоў звароту беларускіх грэка-католікаў да Папы Рымскага ў 1992 годзе

У адказ Ватыкан у 1993 годзе прыслаў у Менск Апостальскага візытатара «ad nutum Sanctae Sedis» айца Сяргея Гаека. Лацінская фармулёўка «ad nutum Sanctae Sedis» азначае «да канчатковага вырашэньня пытаньня».

І вось гэтае канчатковае вырашэньне пытаньня цягнецца ўжо 27 гадоў. 27 гадоў у Беларусі тысячы вернікаў, аб’яднаныя ў два дзясяткі парафій, а таксама некалькі дзясяткаў сьвятароў жывуць бязь біскупа. Людзі нараджаюцца, паміраюць, хрысьцяцца і вянчаюцца не ў царкве, а ў асобных рэлігійных грамадах, якія нават беларускай дзяржавай не зарэгістраваныя як адзіная царкоўная арганізацыя. Набажэнствы адбываюцца пераважна ня ў храмах, а ў выпадковых прыстасаваных памяшканьнях.

БГКЦ выдае сваю газэту (у інтэрнэце), календары, малітоўнікі, катэхізісы і гістарычную літаратуру, штодзень зьдзяйсьняе дзясяткі і сотні таемстваў, але асьвячае міра і рукапакладае сьвятароў у іншых краінах, дзе існуюць легальныя грэка-каталіцкія япархіі, бо свайго біскупа ня мае.

І гэта, безумоўна, вялікая ганьба Ватыкану. У сьвеце існуе мноства нашмат меншых каталіцкіх супольнасьцяў, нават мікраскапічных, якія маюць сваіх біскупаў.

Тыя, хто працягвае сёньня справу айца Льва Гарошкі і тысяч яго папярэднікаў з XV–XIX стагодзьдзяў, 27 гадоў Ватыканам фактычна ігнаруюцца.

Чаму Ватыкан марудзіць

Што ж здарылася? Чаму Ватыкан 27 гадоў марудзіць? Падрабязны адказ на гэтае пытаньне патрабуе вялікага экскурсу ў гісторыю. Але калі казаць коратка, то адказ даволі просты — Беларусь усё яшчэ жыве «пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры». Унія ў Беларусі зь яе зацятай беларускасьцю — костка ў горле для практычна ўсіх цэнтраў уплыву на нашу краіну, а яе няўдачы прымушаюць шмат каго ў Расеі, Польшчы, Беларусі і Ватыкане радасна паціраць рукі.

Мне запомнілася, як у 90-я гады адзін прафэсар «Русікуму» ў Рыме, пырскаючы сьлінай, крычаў мне ў твар, што ў XVІ стагодзьдзі ніякіх беларусаў не было, а былі русіны, і што Ўніяцкая царква была «русінскай» — гэта значыць украінскай, калі казаць сёньняшняй мовай. Быў той небарака родам з Бэльгіі, і я ня стаў пытацца ў яго, ці існавала да ХІХ стагодзьдзя Бэльгія, і тым больш я ня стаў пытацца, ці была на сьвеце ў XV–XVІІІ стагодзьдзях дзяржава пад назвай Італія.

Зьлева направа: Мары Шыманец, Віржыні Шыманец, Лявон Шыманец, уніяцкі біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Леў Гарошка. Парыж, сярэдзіна 1960-х гадоў

А мог бы я яму расказаць, што менавіта Беларусь стала радзімай Уніі — гэта значыць, спробы аднаўленьня страчанага ў ХІ стагодзьдзі адзінства паміж хрысьціянскім Усходам і Захадам. Беларусі, дарэчы, той раскол 1054 году і ня тычыўся. Беларусь канчаткова адпала ад Рыму ў ХІІІ стагодзьдзі ў сувязі з наступам крыжакоў, а ў 1417 годзе заключыла з Ватыканам першую Унію. Усяго ў тым XV стагодзьдзі Беларусь шэсьць разоў заключала Уніі з Ватыканам. У 1596 годзе ў Берасьці была заключана сёмая Унія, якая пратрымалася найдаўжэй. А Заходняя Ўкраіна прыступіла да Уніі на 100 гадоў пазьней, у канцы XVII стагодзьдзя, і захавала яе да нашых дзён толькі таму, што трапіла ў склад Аўстра-Вугоршчыны, а не Расеі.

Але расказваць таму «гісторыку» ўсё гэта я ня стаў. Цяпер шкадую. Я бачу, што гісторыя Беларусі і надалей застаецца для Эўропы «terra incognita». А калі сказаць больш дакладна: беларускую гісторыю разабралі (раскралі) суседзі. Яны ж яе і перахлусілі. Таму сёньня і для такіх дзеячоў, як вышэйзгаданы ватыканскі прафэсар, уся беларуская царкоўная гісторыя XV–ХІХ стагодзьдзяў — гэта гісторыя Ўкраіны. Украінцы ў вачах такіх «гісторыкаў» маюць і традыцыю, і помнікі, і сваіх сьвятых, і сваю царкву, а беларусы і Беларусь — чыстае поле, яны зьявіліся толькі ў ХХ стагодзьдзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Архібіскуп Шаўчук: я ня ведаю, чаму Ватыкан не дае біскупа грэка-католікам Беларусі

І тут здараецца нонсэнс — у 1990 годзе зьяўляюцца нейкія ўніяты і ў Беларусі. Ды яшчэ пачынаюць даказваць, што падчас скасаваньня Уніі ў 1839 і 1874–75 гадах у Беларусі гэтыя акты прызналі ня ўсе вернікі, што некаторыя зь іх на пачатку ХХ стагодзьдзя вярнуліся ў каталіцтва, што ў 20–30-я гады ХХ стагодзьдзя тысячы гэтых упартых людзей заснавалі дзясяткі нэа-ўнійных парафіяў у Заходняй Беларусі, і што на працягу 40–80-х гадоў ХХ стагодзьдзя беларускія нэа-ўніяты вялі нелегальнае рэлігійнае жыцьцё аж да свайго выхаду з падпольля ў 1989–1990 гадах.

Вось так і пачалося 27-гадовае «вырашэньне пытаньня» беларускіх грэка-католікаў.

2011 год. Крык адчаю і пратэсту

Нягледзячы на свой не зусім унармаваны статус, Беларуская Грэка-каталіцкая царква сабрала ў сваіх шэрагах значныя сілы інтэлектуальнай эліты Беларусі.

Як і астатнія эўрапейцы, беларускія вернікі-ўніяты ня надта любяць афішаваць сваю рэлігійную прыналежнасьць. Вядома, аднак, што ў кола паствы БГКЦ уваходзілі або ўваходзяць і народныя паэты, і акадэмікі, і прафэсура, і самыя вядомыя беларускія пісьменьнікі, і дзяржаўныя чыноўнікі, і дыпляматы, і прадпрымальнікі.

12 лістапада 2011 году, праз 21 год чаканьня, іх цярпеньне скончылася, і яны зьвярнуліся да Папы Рымскага зь лістом, у якім былі і такія словы:

«Як жа назваць сытуацыю, калі тысячы душаў на працягу дзесяцігодзьдзяў згаршаюцца ад расчараваньня, марных надзеяў і роспачы — няўжо рэальнай палітыкай? Няўжо ўсё тлумачыцца страхам пагоршыць дачыненьні з Масквой і Расейскай Праваслаўнай царквой? Няўжо дзеля палітыкі можна ахвяраваць тысячамі каталіцкіх душаў?...

Як верныя дзеці Каталіцкай царквы мы прымем любое рашэньне Апостальскай Сталіцы аб нашай царкве (у тым ліку і падпарадкаваньне грэка-каталіцкіх парафіяй лацінскім біскупам або захаваньне сёньняшняга status quo) і падпарадкуемся яму. Але адначасова заяўляем, што НІКОЛІ ЗЬ ІМ НЯ ЗГОДЗІМСЯ! І, застаючыся ва ўлоньні Паўсюднай царквы, прыкладзем усе свае сілы, намаганьні і публіцыстычны талент для таго, каб такое рашэньне было адменена і наша царква засталася царквой sui juris зь біскупам на чале. Мы будзем пісаць і гаварыць аб гэтым заўсёды і ўсюды, пакуль будзем жывыя».

Ліст падпісалі народныя паэты Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, акадэмік Радзім Гарэцкі, народны мастак Васіль Шаранговіч, прафэсары Юры Хадыка, Анатоль Грыцкевіч, Леанід Лыч, Язэп Стэпановіч, рэжысэр Валеры Мазынскі, мастак Мікола Купава і многія іншыя. У наш час некаторыя зь іх назіраюць за «рэальнай палітыкай» Ватыкану ўжо зь нябёсаў.

Ліст папу рымскаму ад беларускай грэка-каталіцкай інтэлігенцыі 12 лістапада 2011 году

У адказ на ліст у 2012 годзе ў Беларусь прыехаў сакратар ватыканскай Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў архібіскуп Цырыл Васыль. Гэты славацкі езуіт усходняга абраду, які сам памятае часы перасьледу і тыя перашкоды, што стаялі на шляху легалізацыі ўніятаў у яго краіне, сапраўды вельмі хацеў дапамагчы. Ён уручыў траім вернікам-уніятам высокую дзяржаўную ўзнагароду Ватыкану — залаты крыж «За царкву і папу», паабяцаў вельмі хуткае вырашэньне сытуацыі вакол БГКЦ і зьехаў.

Але дагэтуль нічога не зьмянілася. Занадта высокай і моцнай аказалася сьцяна, што паставіў на шляху Беларускай грэка-каталіцкай царквы Дзяржаўны сакратарыят Ватыкану — міністэрства замежных спраў Апостальскай сталіцы, якое ўсяляк дагаджае Маскве.

Варыянты рашэньня праблемы

Першы варыянт. Усё застанецца так, як ёсьць цяпер. Ватыкан можа думаць яшчэ 27 гадоў (а можа і 270). Фармальна БГКЦ (якой юрыдычна не існуе) надалей будзе кіраваць выдатны і ахвярны манах-марыянін, вучань друйскіх айцоў Язэпа Германовіча і Тамаша Падзявы, паляк, які вывучыў беларускую мову і прыняў беларускае грамадзянства — архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візытатар «ad nutum Sanctae Sedis». А пасьля — яго пераемнікі.

Другі варыянт. Грэка-каталіцкія парафіі падпарадкуюць біскупам лацінскага абраду, на тэрыторыі якіх тыя парафіі знаходзяцца. Такі варыянт быў выбраны Ватыканам для кананічнага ўпарадкаваньня грэка-каталіцкіх парафіяў у часы Нэа-уніі ў 20–30-я гады ХХ стагодзьдзя ў Заходняй Беларусі.

Трэці варыянт. Ватыкан створыць у Беларусі асобную грэка-каталіцкую япархію і прызначыць для яе біскупа, які і стане кіраўніком БГКЦ.

Чацьвёрты варыянт. Ватыкан прызнае наяўнасьць у Беларусі грэка-каталіцкага Экзархату і прызначыць біскупа-экзарха. У 1939 годзе львоўскі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, карыстаючыся надзвычайнымі паўнамоцтвамі Ватыкану, заснаваў у Беларусі грэка-каталіцкі Экзархат і прызначыў экзархам выдатнага беларускага рэлігійнага дзеяча, айца Антона Неманцэвіча. Намесьнікам экзарха Беларусі тады стаў сёньняшні юбіляр — айцец Леў Гарошка.

У гады вайны Ватыкан афіцыйна прызнаў створаны Шаптыцкім Экзархат. Пасьля вайны і львоўскага сабору 1946 году Унія ў Беларусі была забароненая, сьвятары зьехалі ў эміграцыю або апынуліся ў сталінскіх лягерах. Але паводле каталіцкага кананічнага права аднойчы створаная адміністрацыйная адзінка, нават калі яна ня мае ніводнага сьвятара і верніка, існуе яшчэ 100 гадоў, і толькі пасьля гэтага лічыцца не існуючай. Гэта азначае, што ў верасьні 1990 году менскія вернікі фактычна аднавілі грэка-каталіцкі Экзархат, які з 1939 году ў Беларусі існаваў юрыдычна.

Натуральным, справядлівым і законным разьвязаньнем сытуацыі быў бы выбар паміж трэцім і чацьвёртым варыянтамі. Але 27 гадоў Ватыкан ухіляецца ад вырашэньня праблемы. Гэта і ёсьць яго найвялікшая ганьба.

Думаю нават, што гэта самая ганебная старонка ватыканскай палітыкі найноўшага часу ў нашым рэгіёне Эўропы.

P. S. Гэты тэкст быў напісаны 10 гадоў таму да 100-годзьдзя айца Льва Гарошкі, але ня быў апублікаваны. Тады ён называўся «Сорам Ватыкану» і заканчваўся фразай: «Я спадзяюся, што мне, як журналісту, які сочыць за рэлігійнай сытуацыяй у Беларусі, не давядзецца пісаць новы тэкст у сваім блогу, але ўжо пад назвай «Ганьба Ватыкану...» Сёньня я зь вялікай скрухай і без найменшых сумненьняў замяніў загаловак на больш дакладны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.