Як паведамляецца на сайце Рады ЭЗ, санкцыі таксама закранаюць эканамічныя суб’екты, вядучых бізнэсоўцаў і кампаніі, якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі альбо падтрымліваюць яго.
«Пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году і наступнай хвалі маніфэстацыяў, якія былі жорстка здушаныя ўладамі Беларусі, ЭЗ увёў санкцыі ў кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году, тым самым сыгналізуючы адказным палітычным і эканамічным субʼектам, што іх дзеяньні і падтрымка рэжыму павінны абысьціся дорага», — гаворыцца ў паведамленьні.
Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на паездкі ў ЭЗ і замарожваньне актываў для пэўных асобаў — цяпер гэта 88 чалавек, уключаючы Александра Лукашэнку — і замарожваньне актываў, якімі валодаюць сем арганізацыяў.
Акрамя таго, фізычным і юрыдычным асобам з ЭЗ забаронена наўпрост ці ўскосна прадстаўляць сродкі вызначаным асобам. ЭЗ уважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі.
22 лютага 2021 году Рада па замежных справах падкрэсьліла, што з прычыны няспыннай непавагі да асноўных свабодаў і правоў чалавека, а таксама рэпрэсіяў у дачыненьні да беларускага народу і грамадзянскай супольнасьці з боку ўладаў, ЭЗ разгледзіць магчымасьць далейшых санкцый. Акрамя таго, ЭЗ працягне падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненьні да дэмакратыі, у тым ліку праз падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народнае антыкрызіснае кіраваньне» зьвярнулася да інвэстараў: «Грошы за эўрабонды пайшлі на рэпрэсіі»