Беларусь і Ўкраіна летась істотна скарацілі ўзаемны таваразварот. У 2020 годзе экспарт зь Беларусі ва Ўкраіну ўпаў на 23,4% да 2,874 мільярда даляраў, а экспарт з Украіны ў Беларусь — на 13,8% да 1,335 мільярда даляраў. Такія зьвесткі апублікавала Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны.
Што зьмянілася ў беларускім экспарце ва Ўкраіну
Найбольш Беларусь скараціла пастаўкі паліва і нафтапрадуктаў ва Ўкраіну — на 36,9% да 1,499 мільярда даляраў. У агульным аб’ёме гандлю Беларусі з Украінай гэты від прадукцыі складае 52,2%.
Доля беларускіх угнаеньняў складае 10,1% ад усяго абʼёму гандлю, гэтыя пастаўкі таксама скараціліся — на 0,4% да 290,147 мільёна даляраў.
У той жа час Беларусь у сваім гандлі павялічыла долю наземнага транспарту да 7,4%. Пастаўкі гэтай прадукцыі на ўкраінскі рынак павялічыліся на 2,5% да 211,661 мільёна даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перадвыбарчы скандал у Кіеве: гарадзкая ўлада набывае беларускія аўтобусы бяз тэндэру і зь пераплатайАдметна, што Беларусь у 2020 годзе ў 10,5 раза павялічыла пастаўкі зерневых культураў ва Ўкраіну. У грашовым вымярэньні яны склалі 5,909 мільёна даляраў.
У 9,9 раза павялічыліся пастаўкі арэхаў (4,015 мільёна даляраў), у 3,5 — малака, малочных прадуктаў, яек і натуральнага мёду (12,610 мільёна даляраў), амаль у 8 разоў — масы з драўніны (10,943 мільёна даляраў). Летась Беларусь павялічыла абʼёмы пастаўкі оптыкі ва Ўкраіну — у 1,4 раза, да 7,612 мільёна даляраў. Але гэтая прадукцыя не змагла кампэнсаваць страты гандлю ад скарачэньня паставак нафтапрадуктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі тытунь выбіўся ў лідэры кантрабанды ва Ўкраіну і транзытам празь яе тэрыторыюУ гандлёвай статыстыцы Ўкраіны зьвяртае на сябе ўвагу адсутнасьць афіцыйных паставак зь Беларусі тытуню. Пры гэтым вядомы факт, што беларускія тытунёвыя вырабы займаюць першае месца паводле абʼёмаў кантрабанды ва Ўкраіну. У 2019 годзе тытуню зь Беларусі ва Ўкраіну паставілі на 27,4 тысячы даляраў.
У 2018 годзе Беларусь уваходзіла ў тройку лідэраў па продажы Ўкраіне выбуховых рэчываў. Тады цягам году Беларусь экспартавала ва Ўкраіну пораху і выбуховых рэчываў на 1,989 мільёна даляраў. У 2020 годзе Ўкраіна закупіла ў Беларусі гэтай прадукцыі ўсяго на 373,7 тысячы даляраў. Падзеньне ў параўнаньні з 2019 годам склала 74,4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь аднавіла пастаўкі пораху і выбуховых рэчываў ва ЎкраінуШто зьмянілася ва ўкраінскім экспарце ў Беларусь
Украіна ў сваёй структуры гандлю зь Беларусьсю ня мае крытычных відаў прадукцыі, скарачэньне паставак якой істотна адбіваецца на агульным узроўні гандлёвых апэрацый.
Найбольшую долю ва ўкраінскім гандлі зь Беларусьсю маюць насеньне і плады алейных расьлін (10,8%), адыходы харчовай прамысловасьці (10,4%), чыгуначныя лякаматывы (9,5%) і чорныя мэталы (7%).
Украіна скараціла свае пастаўкі ў Беларусь мяса, малака, гародніны. Найбольш істотна зьменшыліся пастаўкі зерневых культураў — на 64,1% да 19,089 мільёна даляраў, тлушчаў і алею жывёльнага і расьліннага паходжаньня — на 30% да 19,089 мільёна даляраў, чорных мэталаў — на 34,4% да 93,437 мільёна даляраў, чыгуначных лякаматываў — на 31,8% да 126,798 мільёна даляраў.