Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны арыштаваў частку прадуктаправоду «Самара — Заходні кірунак». Ім карысталася прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс», кантрольны пакет акцый якога належыць беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.
Як паведамілі ў прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны, такое рашэньне суд ухваліў на падставе доказаў, сабраных супольна некалькімі праваахоўнымі і спэцыяльнымі структурамі, аб незаконным вывядзеньні абʼекта зь дзяржаўнай уласнасьці.
Сьледчыя СБУ і Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны выявілі, што супрацоўнікі ТАА «Прикарпатзахідтранс» на падставе заведама падробленых дакумэнтаў незаконна завалодалі дзяржаўнай маёмасьцю, кошт якой больш за 200 мільёнаў грыўняў.
Маёмасьць (уключаючы будынкі, збудаваньні і іншыя абʼекты, разьмешчаныя ва Ўкраіне, якія забясьпечваюць функцыянаваньне трубаправоду) перададуць Нацыянальнаму агенцтву па выяўленьні, пошуку і кіраваньні маёмасьцю, атрыманай у выніку карупцыі і іншых злачынстваў (ARMA).
А сам нафтаправод перадаецца пад кантроль дзяржаўнага акцыянэрнага таварыства «Укртранснафта» для прыняцьця захадаў па ягоным захаваньні.
«Дасудовае расьсьледаваньне працягваецца, прымаюцца меры па ўстанаўленьні злачынцаў і прыцягненьні іх да адказнасьці», — падкрэсьлілі ў прэсавым цэнтры СБУ.
У той жа час у судовым рашэньні няма пункту аб забароне ўласьнікам кампаніі, у прыватнасьці Мікалаю Вараб'ю, браць удзел у конкурсе, які абвяшчае АРМА пасьля прыняцьця арыштаваных актываў для вызначэньня асобы, якая часова будзе імі кіраваць. Паводле заканадаўства, рашэньне аб арышце нафтапрадуктаправоду і маёмасьці можа быць абскарджана ў апэляцыйным парадку цягам пяці дзён.
Што папярэднічала арышту
19 лютага Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла тэрміновыя захады для вяртаньня ў дзяржаўную ўласнасьць магістральнага трубаправоду, якім карысталася кампанія «Прикарпатзахідтранс». Адначасова з гэтым уведзеныя санкцыі ў дачыненьні да Віктара Медведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“», і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў увёў санкцыі супраць Медведчука. Ці зачэпяць абмежаваньні ягонага беларускага партнэра?Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная з 2011 году. Зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медведчука.
Пасьля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заблякавалі тры прарасейскія тэлеканалы, зьвязаныя з атачэньнем кума Пуціна МедзьведчукаСёлета 11 лютага Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны выставіла падазрэньне былому намесьніку дырэктара Інстытуту азотнай прамысловасьці і прадуктаў арганічнага сынтэзу. На падставе ягонай экспэртызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасьці Ўкраіны ў частцы нафтаправоду «Самара — Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое зьвязана зь Медведчуком і беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі бізнэсовец захаваў кантроль над нафтаправодам ва Ўкраіне, але спыніў транзыт нафты