Нямецкія валейбалісткі абвясьцілі байкот турніру ў Катары з прычыны забароны бікіні

Доха

Зоркі германскага пляжнага валейболу Карла Боргер і Джулія Зудэ заявілі, што яны будуць байкатаваць турнір у Катары ў сакавіку, таму што гэта «адзіная краіна», дзе гульцам забаранілі насіць бікіні на пляцоўцы, інфармуе Голас Амэрыкі.

«Мы павінны быць там, каб выконваць сваю працу, а нам забараняюць насіць працоўную вопратку», — заявіла Боргер радыёстанцыі Deutschlandfunk.

«Гэта адзіная краіна і адзіны турнір, дзе ўрад указвае нам, як выконваць нашу працу, і мы асуджаем такі падыход», — дадала яна.

Доха упершыню прымае турнір у жаночым пляжным валейболе. Раней на працягу сямі гадоў там праходзілі мужчынскія спаборніцтвы.

Тым ня менш валейбалістак папрасілі насіць майкі і доўгія штаны замест звычайных бікіні. Міжнародная фэдэрацыя валейболу (FIVB) заявіла, што гэтае правіла ўведзена «з павагі да культуры і традыцый краіны, якая прымае».

Аднак ужо пасьля заяваў нямецкіх спартовак фэдэрацыя заявіла, што ніякіх абмежаваньняў на нашэньне бікіні падчас спаборніцтваў у Катары ня будзе.