«Ад фота ўчорашніх масавых натоўпаў пераймае дых. Мільёны людзей прайшлі маршам, нягледзячы на пагрозы „страты жыцьця“ з боку хунты. Генэралы губляюць сваю сілу запалохваньня, а разам з гэтым і ўладу. Ім ужо даўно час сыходзіць, калі ўзыходзіць народ М’янмы», — напісаў Эндрус.
Агенцтва Reuters паведамляе, што пратэстоўцы выйшлі на вуліцы таксама 23 лютага, але «ў значна меншай колькасьці». Пра сутычкі паміж дэманстрантамі і сіламі хунты пакуль не паведамлялася.
Дэманстранты супраць хунты ў М’янме пачалі выходзіць на вуліцы найбуйнейшых гарадоў краіны з 1 лютага, патрабуючы вызваленьня ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру 1991 году Аўнг Сан Су Чы. Яе затрымалі салдаты разам зь некалькімі сотнямі іншых цывільных асобаў (уключна з прэзыдэнтам Він М’інам). Яна лічыцца самым важным палітычным дзеячом краіны і лідэрам апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў М’янме: паліцыя ўжыла баявыя патроны, двое загінулыхРаней паведамлялася, што падчас разгону пратэстаў у М’янме паліцыя ўжыла баявыя патроны, у выніку чаго загінулі сама меней тры чалавекі.
М’янма знаходзілася пад уладай вайскоўцаў да 2011 году, калі ў краіне пачаліся дэмакратычныя перамены пад кіраўніцтвам Аўнг Сан Су Чы. Пасьля арышту ў пачатку лютага яна заклікала прыхільнікаў супраціўляцца перавароту і не дапусьціць вяртаньня дыктатуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: М’янма: першая сьмяротная ахвяра пратэстаў супраць хунты