Амэрыканскае касьмічнае агенцтва апублікавала кадры пасадкі ровэра «Упартасьць» (Perseverance) на Марс, якая адбылася 18 лютага.
Відэазапіс вёўся зь некалькіх камэраў. Здымкі пачаліся на вышыні 11 кілямэтраў.
Марсаход сеў у кратэры Езэра, дыямэтар якога складае 49 кілямэтраў. Мяркуеццца, што калісьці ён быў запоўнены вадой.
Perseverance адправіўся да Марса ў ліпені мінулага году. У рамках місіі «Марс-2020» прылада мае адпрацаваць на плянэце каля 700 зямных дзён.
- На пачатку лютага на арбіту Марса вывеў касьмічны зонд Кітай. Чакаецца, што ў канцы траўня на плянэту высадзіцца кіраваны кітайскі марсаход. Кітайскія навукоўцы спадзяюцца, што місія дасьць магчымасьць вывучыць магчымасьці калянізацыі Марса чалавекам.
- Незадоўга да кітайскага запуску на арбіту Марса быў выведзены першы арабскі спадарожнік «Аль-Амал» («Надзея»). Летам мінулага году яго запусьцілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з дапамогай амэрыканскіх навукоўцаў і японскай ракеты-носьбіта. Мэта місіі — вывучыць атмасфэру, кліматычныя ўмовы і зьмену сэзонаў году на Марсе.
Марсіянскі год — пэрыяд абарачэньня плянэты вакол Сонца — складае 687 зямных дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі марсаход «Упартасьць» зьдзейсьніў пасадку на Марсе