Што такое «справа Белгазпрамбанку»
Па «справе Белгазпрамбанку» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх топ-мэнэджары банку. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, па арт. 235, ч. 2 Крымінальнага кодэксу і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры па арт. 430, ч. 3 (прадугледжана пакараньне ад 5 да 15 гадоў).
Топ-мэнэджары банку Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзьмітрый Кузьміч, Аляксандар Ільясюк, Сяргей Дабралёт абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваецца ў даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры.
З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.
У суд праз два кардоны з рамкамі
Наведнікаў прапускалі праз рамкі з мэталашукальнікамі двойчы — на ўваходзе ў будынак суду і непасрэдна ў залю. Правяралі і торбы. Мабільныя тэлефоны трэба было пакінуць у адмысловай схованцы.
У залі суду абвінавачаных ахоўваюць дзесяць міліцыянтаў у камуфляжы і ў форме, некалькі супрацоўнікаў у цывільным. Месцы на лаўках пазначаныя скотчам дзеля захаваньня сацыяльнай дыстанцыі, аднак у залі заставалася многа вольных месцаў.
Суд адхіліў хадайніцтва абароны Бабарыкі
Сёньня ў судзе дзяржаўныя абвінаваўцы працягвалі зачытваць абвінавачаньне. Ужо зачыталі абвінавачаньне Бабарыку, Кузьмічу, Задойку, Ільясюку, Шабану, пачалі чытаць Бадзею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія адмовілася дапытаць людзей, якія нібыта ўдзельнічалі ў «схемах Бабарыкі» У судзе таксама разгледзелі хадайніцтва абароны Віктара Бабарыкі, якая прасіла выклікаць і дапытаць у судзе двух грамадзянаў Латвіі — Сьцепанаўса і Ростаўса. Гэтыя грамадзяне шмат разоў згадваюцца ў абвінавачаньні. Нібыта зь іх дапамогай рабіліся нейкія дзеяньні, яны кіравалі кампаніямі, празь якія нібыта Віктар Бабарыка атрымліваў сродкі. Аднак падчас сьледзтва гэтых грамадзян Латвіі не дапыталі. Суд не задаволіў хадайніцтва, дзяржаўныя абвінаваўцы сказалі, што яны ня бачаць магчымасьці неяк знайсьці і дапытаць гэтых людзей. У сувязі з гэтым суд вырашыў, што ня будзе выклікаць гэтых грамадзянаў.«Гэта вельмі цікава, бо з прозьвішчамі гэтых грамадзянаў зьвязана многа высноваў абвінавачаньня, і атрымліваецца, што гэтыя высновы ў прынцыпе бяздоказныя», — сказаў адвакат Зьміцер Лаеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга пасадзіць у клетку перамены», — Ціханоўская пра жорсткія прысуды, 23 лютага і беларускае шчасьцеСьцепанаўс і Ростаўс кіравалі кампаніямі ў Латвіі, але абвінавачаньне сьцьвярджае, што тыя кампаніі падкантрольныя Віктару Бабарыку.
Адвакат Зьміцер Лаеўскі мяркуе, што працэс будзе «даволі доўгі».
«Іх абавязак даказаць, а мы будзем глядзець, як яны будуць даказваць. Падчас сьледзтва мы рабілі выснову, што лічым абвінавачаньне недаказаным», — сказаў адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік дыпляматыі ЭЗ асудзіў рэпрэсіі ў БеларусіАдвакаты маюць магчымасьць пагутарыць з абвінавачанымі, якія знаходзяцца ў дзьвюх клетках пад аховай, прычым Віктар Бабарыка — у далейшай клетцы. Раней хадайніцтва аб зьмене яму меры стрыманьня суд таксама не задаволіў.
«На жаль, да сёньняшняга дня, пакуль ішлі паседжаньні, мы не маглі зь Віктарам Бабарыкам сустракацца ў сьледчым ізалятары, але цяпер абвешчаны перапынак, і, можа, мы пабачымся, — кажа адвакат Лаеўскі. — Але пакуль у залі абмяркоўваем пэўныя бытавыя моманты. Ён адчувае сябе добра, наколькі гэта магчыма ў такім становішчы, бадзёра, аптымістычна».
Віктар Бабарыка многа чытае ў зьняволеньні. Аднак ня ўсе кнігі ён можа атрымаць у СІЗА, а перадаць іх немагчыма.
У працэсе абвешчаны перапынак да 24 лютага.
«Бабарыка для мяне перамог на выбарах»
У залі было каля 40 слухачоў. Некаторым удаецца паслаць Віктару Бабарыку «сэрцайка». Тацяна з мужам прыехала на суд з Наваградку, каб яго падтрымаць, бо «ён быў той кандыдат, за якога хацелі галасаваць».
«Мы ўбачылі ў ім ня тое што альтэрнатыўнага кандыдата, а ён мог бы быць сапраўдным прэзыдэнтам. Прыехалі, бо гэта сумленьне. Цяпер ідуць суды, і нельга пакідаць без падтрымкі людзей, якія неяк рызыкавалі», — кажа Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга паказваць сэрцайка і іншыя жэсты». Адвакат пра суд над Віктарам БабарыкамПаводле Тацяны, чуваць у судзе кепска, гавораць, як на аўкцыённых судах.
«Віктар Бабарыка максымальна ў добрым настроі, які можа быць у гэтай сытуацыі. Я думаю, што ён на ўсё ідзе сьвядома і разумее, што яму пагражае, але адчувае сябе бадзёра. Ён паслаў „сэрцайка“, ахоўнікі рабілі заўвагі і нам, і яму, каб не рабілі жэстаў рукамі, бо гэта, маўляў, забаронена, Але ён пастараўся кожнаму, хто прыйшоў, хаця б кіўнуць. Бачна, што чалавеку гэта важна».
У некаторых прысутных на руках белыя і бел-чырвона-белыя бранзалеты. Некаторыя трымалі кнігі і часам іх чыталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка баіцца Бабарыкі і як былы банкір паўплываў на пратэст беларусаў. Думкі 5 экспэртаўЮлія пачала чытаць у судзе «Фэрму» Оруэла, бо іншым разам цяжка ўключыцца ў тое, што кажа абвінаваўца, гэта стамляе, ня ўсё можна разабраць. Яна кажа, што найперш прыйшла падтрымаць Віктара Бабарыку.
«Варта кожнаму, хто мае магчымасьць, не пабаяцца, а прыйсьці і падтрымаць».
Лілія прынесла кнігу «Эфэкт Люцыфэра. Чаму добрыя людзі ператвараюцца ў зладзеяў». Кажа, што найперш прыйшла падтрымаць Віктара Бабарыку і іншых абвінавачаных, але ў некаторыя моманты чытае кнігу.
«Я рада, што можна быць на працэсе, падтрымка для зьняволеных вельмі важная. Для мяне гэтыя людзі — героі. Бабарыка для мяне, па сутнасьці, перамог на выбарах».