Удзельнікі акцыі чыталі творы беларускіх клясыкаў.
Некалькі дзясяткаў беларусаў, якія зьехалі ва Ўкраіну ад рэпрэсій на радзіме ў Беларусі, правялі ў цэнтры Кіева, на майдане Незалежнасьці, акцыю, прымеркаваную Ўсясьветнаму дню роднай мовы.
Перад пачаткам акцыі яе ўдзельнікі зладзілі ланцуг салідарнасьці. Усе трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і выгуквалі традыцыйныя для такіх акцый лёзунгі: «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь», «Свабоду палітвязьням».
Кіроўцы аўтамабіляў, якія праяжджалі па Храшчаціку, падтрымлівалі беларусаў гукамі кляксонаў.
Удзельнікі акцыі чыталі вершы Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Янкі Купалы, Якуба Коласа і верш Ігара Лосіка «Калі надзея гасьне». Між чытаньнямі беларусы сьпявалі песьні «Грай», «Воіны сьвятла», «Муры».