Тое, што заява Пуціна аб мэтазгоднасьці адстаўкі Лукашэнкі, калі б яна была зробленая, ужо ў той жа дзень пазбавіла б апошняга галоўнага апірышча — падтрымкі сілавікоў — тлумачэньняў, думаю, не вымагае.
І значная частка грамадзтва, у тым ліку і некаторыя палітаглядальнікі, лічаць, што Пуцін хоча замяніць Лукашэнку на больш паслухмянага.
Магчыма, такое жаданьне было, да жніўня 2020-га.
Але цяпер Лукашэнка ў ягоным стане поўнай залежнасьці Крэмль задавальняе, бо кожны іншы быў бы абавязаны Маскве пасадай (што нямала), але не свабодай (што непараўнальна болей). Лукашэнка ж абавязаны Крамлю менавіта свабодай — бо без падтрымкі Пуціна ў жніўні 2020-га ягоны лёс склаўся б незайздросна.
Безумоўна, Крэмль ведае сапраўдную вартасьць «народнай падтрымкі» Лукашэнкі, нібыта выказанай яму праз «усенародны сход». Але і ў Расеі рэжым трымаецца найперш на сілавіках, праўда, у большай ступені зьвязаных зь бізнэсам. Таму тэма «сходу» на сустрэчы будзе ўсяго толькі фармальнасьцю.
Мэты Пуціна ў кароткатэрмновай пэрспэктыве можна лічыць дасягнутымі. Гэта — пралангацыя на наступныя 25 гадоў дамовы аб знаходжаньні на тэрыторыі Беларусі двух вайсковых аб’ектаў — пад Вілейкай і Ганцавічамі. На станцыі пад Ганцавічамі аўтар гэтых радкоў у 1995 быў у бытнасьць дэпутатам Вярхоўнага Савету. Для Расеі станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе мела раней і захоўвае цяпер надзвычай важнае значэньне. Тады патрабаваньне БНФ не падпісваць дамову было праігнараванае. Несумненна, Лукашэнка яе працягне. Будуць, трэба меркаваць, падпісаныя і некаторыя іншыя дамовы ў вайсковай сфэры.
Ня варта забывацца, што Беларусь для Крамля — гэта найперш стратэгічна істотны патэнцыйны тэатар ваенных дзеяньняў на заходнім кірунку. Гэта ісьціна, якую, на жаль, дзесяцігодзьдзямі не маглі ў належнай ступені ўсьвядоміць заходнія палітыкі.
Дамогся Крэмль і поўнага спыненьня таго, што называлі «мяккай беларусізацыяй»: зьнішчаныя дзясяткі нацыянальных культурніцкіх цэнтраў (усе яны дзейнічалі без капейкі дзяржаўнай падтрымкі), пастаўленыя ў невыносныя ўмовы, а то і разгромленыя беларускія выдавецтвы. Нарэшце, падчас ператрусаў сілавікі пачалі забіраць ня толькі нацыянальныя сьцягі, але і літаратуру «няправільных» аўтараў, у тым ліку і па гісторыі Беларусі.
У эканамічнай сфэры варта чакаць перадачы пад кантроль расейскіх алігархаў беларускіх прадпрыемстваў і нават цэлых галінаў вытворчасьці.
Ну а геапалітычныя мэты Крамля былі вызначаныя яшчэ пры Ельцыну: падмінаньне Беларусі аж да поўнага паглынаньня. Пры гэтым фармальна яна можа захоўваць сувэрэнітэт і яго атрыбуты. Нагадаем, што БССР таксама фармальна была сувэрэннай рэспублікай (артыкул 68). І нават уваходзіла ў ААН, што давала СССР яшчэ адзін голас. Дробязь, але прыемная.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на «ўсебеларускім сходзе» ў 1996: Незалежнасьць — гэта бяда