У рамках расьсьледаваньня спраў паводле арт. 293 КК упраўленьне Сьледчага камітэту Менску адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. Пра гэта БелТА паведаміў старшыня СК Беларусі Іван Наскевіч.
Паводле сьледзтва, прыкладна ў 23 гадзіны 10 жніўня 2020 году падчас масавага супрацьстаяньня ў раёне станцыі мэтро «Пушкінская» грамадзянін Тарайкоўскі, знаходзячыся ў стане моцнага алькагольнага ап’яненьня, аддзяліўся ад натоўпу пратэстоўцаў і, нягледзячы на шматлікія папярэджаньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, накіраваўся ў іх бок.
«Сваімі дзеяньнямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны ня ведалі ягоных сапраўдных матываў і мэты яго дзеяньняў, а з улікам апэратыўнай інфармацыі аб магчымых тэрактах, наяўнасьці ў пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі ўспрымалі яго як рэальную пагрозу жыцьцю і здароўю як супрацоўнікаў, так і саміх пратэстоўцаў, — сказаў Іван Наскевіч. — У сувязі з гэтым супрацоўнікі праваахоўных органаў дзейнічалі выключна ў рамках наяўных у іх інструкцый і ўжылі ў дачыненьні да Тарайкоўскага несьмяротную зброю, дзеяньне якой накіравана не на паражэньне, а на яго фізычнае прыпыненьне, зь бясьпечнай адлегласьці, якая выключае сьмяротны зыход. У сілу зьбегу шэрагу трагічных абставінаў адно з раненьняў аказалася пранікальным, у выніку якога сьмерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэньня».
На думку сьледзтва, супрацоўнікі праваахоўных органаў у дадзеных умовах і ў такім становішчы мелі права выкарыстоўваць несьмяротную зброю для прадухіленьня больш цяжкіх наступстваў, што адпавядае дзейснаму заканадаўству.
Як адрэагавалі блізкія Тарайкоўскага
«Наступны наш крок — азнаямленьне з матэрыяламі праверкі. Затым мы будзем абскарджваць адмову распачаць крымінальную справу», — расказала Tut.by адвакат сям’і Альвіна Мінгазава.
Яна адзначыла, што пакуль не атрымлівала ніякіх афіцыйных апавяшчэньняў аб выніках праверкі па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.
«Я сачу за навінамі, гляджу, якія прысуды выносяць, напэўна, дзесьці я і была гатовая, што справу ня будуць заводзіць, хоць верыла і спадзявалася. Рана ці позна ўсё роўна правасудзьдзе пераможа, я спадзяюся», — сказала Алена Герман, грамадзянская жонка Аляксандра.
Алена адзначае, што прыкладна праз два месяцы пасьля гібелі Аляксандра ў памяшканьнях, дзе яны працавалі, правялі ператрус.
«Мы пісалі ліст, каб наша справа ўзяла пад кантроль Генэральная пракуратура. Але прыйшлі нейкія адпіскі. І літаральна на днях патэлефанаваў сьледчы і вярнуў тэлефон, грошы, карткі, ключы — усё, што ў Аляксандра было з сабой».
Камэнтуючы заяву СК, што Аляксандар Тарайкоўскі знаходзіўся ў стане моцнага апʼяненьня, Алена сказала, што з хаты ён сыходзіў цьвярозым. Пра тое, што ён быў пʼяны, ёй раней не паведамлялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыё пра забойства Тарайкоўскага. Праваабаронцы патрабуюць ад Генпракуратуры і СК пачаць крымінальную справу15 студзеня ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога падобны да голасу намесьніка міністра ўнутраных справаў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова. Пазьней незалежная фанаграфічная экспэртызы пацьвердзіла, што голас на аўдыё сапраўды належыў Карпянкову, які раней займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС.
У запісе згаданае і забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Карпянкоў называе загінулага «дэбілам і п’яніцам».
«Мы, атрымліваецца, узялі ўчора скрынку кардонную. У чатыры столкі яе склалі, паставілі на крэсла, — узялі і выпрабавалі. Атрымліваецца, кардонная скрынка наскрозь, і крэсла наскрозь, і зразумела, чаго гэты памёр, як яго... [з залы: Тарайкоўскі] ... п’яніца і дэбіл. Ён памёр, вядома, ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі. Ён стаяў там у майцы, і я думаю, што з адваротнага боку майкі яна не затрымаецца».
Грамадзкая ініцыятыва «Беларускі народны трыбунал» правяла папярэдняе расьсьледаваньне і прыйшла да высновы, што Тарайкоўскага забіў баец спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Мікіта К., 1993 году нараджэньня. Паводле расьсьледаваньня, другі баец «Алмазу», імя якога ня вызначанае, суправаджаў цэль лазэрным цэлепаказьнікам і быў гатовы адкрыць агонь, калі б стрэл К. не дасягнуў мэты. Аўтар расьсьледаваньня — былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмазу» Ігар Макар.
Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам
10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.
Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.
Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.
Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.
У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма.
Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам
11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.
У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».
Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.
Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».