15 лютага беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 10 чалавек, якіх абвінавачваюць у масавых беспарадках і грубым парушэньні грамадзкага парадку ў сувязі з пратэстамі.
Палітвязьнямі сталі:
- Арсеній Сіняк, Раман Яхін, Даніл Чамаданаў, якія знаходзяцца пад вартай па абвінавачаньні ў крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
- Аляксандар Целешман, Мікіта Літвіненка, Яўген Пекач, Вячаслаў Касьцючык, Сяргей Моўшук, Дзьмітры Тур — знаходзяцца пад вартай па абвінавачаньні ў крымінальнай справе па ч.2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»).
- Аляксандар Нурдзінаў, асуджаны судом Ленінскага раёну Менску на 4 гады пазбаўленьня волі на па ч.2 арт. 293 і па ч.1 арт. 342 КК РБ.
Праваабаронцы лічаць перасьлед гэтых людзей і пазбаўленьне іх волі палітычна матываваным, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня меркаваньня, а іх саміх — палітычнымі зьняволенымі. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць названых людзей, як і тых, каго прызналі палітвязьнямі раней. Па стане на 15 лютага ў Беларусі ўжо 256 палітвязьняў.