Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Перакладчыцу і выкладчыцу ангельскай мовы Вольгу Калацкую затрымалі месяц таму падчас заняткаў. Яе вінавацяць у злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі ўдараў супрацоўніку СТВ, прапагандысту Рыгору Азаронку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі сапраўды мужык, ня будзь пасьмешышчам». Воіны-аўганцы пытаюцца, за што Азаронку далі мэдаль «За адвагу»Некалькі тыдняў таму ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай, а таксама ў кватэры самой Вольгі сьледчыя правялі ператрусы. 14 лютага адзін са сьледчых зноў наведаў дома маму Калацкай. Па словах жанчыны, размова цягнулася каля 30 хвілін і тычылася яе дачкі і хуткай перадачы справы ў суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі падчас занятку. Што вядома пра справу перакладчыцы Вольгі КалацкайАд 19 студзеня Вольга Калацкая знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА. Паводле ч. 2 арт. 339 Вользе Калацкай пагражае арышт альбо абмежаваньне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленьне волі да 6 гадоў.
«Дзякуючы ёй існуе Дэн Браўн па-беларуску»
Па словах перакладчыцы і пісьменьніцы Марыі Мартысевіч, Вольга Калацкая была адной зь першых перакладчыц кніжнай сэрыі «Амэрыканка», прысьвечанай клясыцы амэрыканскай літаратуры. Пры гэтым яна займаецца перакладамі, не зважаючы на каньюнктуру рынку. Проста сама выбірае кнігі і перакладае іх.
«Такім чынам зьявіліся дзясяткі кніжак, — казала ў інтэрвію Свабодзе Марыя Мартысевіч. — Яе партфоліё карацейшае за тое, што Вольга папраўдзе зрабіла. Таму што не на ўсе гатовыя пераклады выкупілі аўтарскія правы. Вольгу не цікавіць камэрцыйны бок, яна энтузіястка. Дзякуючы ёй існуе Дэн Браўн па-беларуску, напрыклад. Яна пераклала „Пяцьдзясят адценьняў шэрага“, кніга яшчэ чакае выдаўца. Назву яна пераклала як „Паўсотні тонаў Шэра“ — калямбурна абыграла прозьвішча героя, Грэя. Урыўкі перакладу Вольга выкладвала ў сябе ў фэйсбуку, для яе гэта таксама місія — папулярная літаратура па-беларуску».
З патрабаваньнем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амэрыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд, якую Калацкая перакладала на беларускую мову.
«Жахліва бачыць, што беларускія ўлады працягваюць свае жорсткія напады на тых, чыё адзінае жаданьне — жыць у дэмакратычнай краіне, дзе паважаюць іхныя правы, — напісала Этвуд. — Асабліва цяжка даведвацца пра перасьлед маіх калег-пісьменьнікаў і сяброў літаратурнай супольнасьці. Я шчыра спадзяюся, што Вольга і ўсе несправядліва затрыманыя ў Беларусі будуць неадкладна вызваленыя».
Вольга Калацкая жыве ў Менску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА