Прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі Вольга Шпарага паведаміла, у якіх замежных ВНУ адлічаныя беларускія студэнты могуць працягнуць адукацыю.
Сьпіс апублікаваў Кабінэт прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай.
- Віленскі ўнівэрсытэт да канца лютага 2021 году падаўжае прыём студэнтаў, якія ня могуць працягнуць навучаньне ў Беларусі празь перасьлед з грамадзянскіх і палітычных прычынаў. Самыя таленавітыя студэнты атрымаюць стыпэндыю памерам € 300 у месяц на працягу першага года навучаньня.
- Унівэрсытэт Віядрына у ФРГ (Франкфурт-на-Одэры) адкрывае спэцыяльную праграму для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, якія ведаюць нямецкую мову: бакаляўрыят у эканоміцы і культуралёгіі і магістратуру па некалькіх спецыяльнасьцях. Дэдлайн падачы заявак — 15 лютага.
- У рамках ініцыятывы «Салідарнасьць зь Беларусьсю» Польскае нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў абвясьціла 150 стыпэндый студэнтам, 25 — навукоўцам і 15 — рэпрэсаваным выкладчыкам.
- 11 унівэрсытэтаў у Чэхіі адкрылі спэцыяльныя стыпэндыяльныя праграмы для беларускіх студэнтаў з верасьня 2021 году.
- Ковенскі ўнівэрсытэт імя Вітаўта Вялікага выдзяляе 50 стыпэндый для беларускіх студэнтаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну або ня могуць працягваць навучаньне ў Беларусі празь перасьлед з грамадзянскіх і палітычных прычынаў.
- Сумленны ўнівэрсытэт і BeSSa аказваюць акадэмічную, юрыдычную і матэрыяльную дапамогу.