Прэзыдэнты Латвіі і Літвы дамовіліся садзейнічаць правядзеньню свабодных выбараў у Беларусі ў 2021 годзе

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Бакі пагадзіліся, што Эўразьвяз павінен і далей выступаць адзіным фронтам у падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларускага народу.

Падтрымліваць намаганьні для правядзеньня ў Беларусі свабодных прэзыдэнцкіх выбараў ў 2021 годзе дамовіліся прэзыдэнты Латвіі Эгілс Левітс і Літвы Гітанас Наўседа, паведаміла прэс-служба літоўскага лідэра па выніках онлайн-перамоваў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў, якія прайшлі 12 лютага.

Бакі абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, дзе «працягваецца прымяненьне сілы» ў дачыненьні да грамадзян, дамовіліся прадоўжыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці ў яго барацьбе за дэмакратычныя пераўтварэньні, падрыхтаваць на рэгіянальным узроўні дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да адказных за парушэньні правоў і свабод чалавека.

«Мы павінны падтрымліваць тых, хто імкнецца да свабоды, дэмакратычных каштоўнасьцяў, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, абараняе правы чалавека і свабоды», — заявіў Наўседа.

Лідэры Латвіі і Літвы абмеркавалі таксама пытаньні бясьпекі Беларускай АЭС і барацьбы са зьяўленьнем на балтыйскім рынку электраэнэргіі з «ненадзейных атамных станцый трэціх краін».

Паводле інфармацыі прэс-службы латвійскага прэзыдэнта, Левітс і Наўседа пагадзіліся з тым, што Эўразьвяз павінен і далей выступаць адзіным фронтам у падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларускага народу.

У той жа дзень беларускае пытаньне абмеркавалі на сустрэчы ў Рызе кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краін Эдгарс Рынкевічс і Габрыэлюс Ландзбэргіс. «Абодва міністра падкрэсьлілі, наколькі важна для Латвіі, Літвы і Эстоніі працягваць узаемную каардынацыю і гаварыць адзіным голасам пра сытуацыю ў Беларусі», — паведаміла прэс-служба МЗС Латвіі.