Пра гэта Tut.by расказалі жыхары Полацку, інфармацыю пацьвердзіў сам Сяргей Страчко. Ён сказаў толькі, што яго звольнілі па артыкуле за 4 дысцыплінарныя спагнаньні з 5 студзеня па 6 лютага 2021 году, і адмовіўся ад больш падрабязных камэнтароў.
У сваім жнівеньскім відэазвароце пасьля выбараў дырэктар школы адзначыў, што на настаўніках ляжыць вялікая адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі, і папрасіў калегаў «напісаць калектыўны зварот у пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці асобаў, якія аддавалі злачынныя загады, і напісаць зварот з патрабаваньнем правесьці пералік галасоў».
Далей ён зьвярнуўся да старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, якая родам з Полацку, з просьбай ініцыяваць правядзеньне паўторных выбараў, «каб не запляміць гонар нашага гораду, гімназіі № 1 (там вучылася Качанава. — рэд.), і каб на варотах вашай гімназіі не віселі залатыя мэдалі выпускнікоў».