Цяпер мужчына праходзіць хіміятэрапію — лекары кажуць, што лімфома магла разьвіцца на глебе стрэсу. Яму патрэбныя грошы на лячэньне, паведамляе «Эўрарадыё».
«У той дзень на плошчы сабралася шмат народу, — успамінае Сяргей. — Наогул я выходзіў на мітынгі, але тады назіраў з акна. Спачатку было ўсё спакойна. Потым прыехалі сілавікі, пачалі разганяць і затрымліваць людзей. Я ўбачыў, як некалькі чалавек забеглі ў наш пад’езд, і ўпусьціў да сябе дваіх хлопцаў і дзьвюх дзяўчат».
Па пад’ездзе хадзілі амапаўцы і шукалі тых, хто схаваўся. Некалькі гадзін госьці сядзелі ціха, размаўлялі шэптам. Позна ўвечары адна зь дзяўчат усё ж вырашыла рызыкнуць і паехаць дадому. Але сілавікі яе спынілі і прымусілі прызнацца, у якой кватэры была.
«Да нас пачалі ламіцца, — працягвае Сяргей. — Тузалі за ручку, пастаянна званілі ў званок, стукалі нагамі, раўлі: „Мы выламаем дзьверы!“. Я адчыніў, бо не сумняваўся, што так і зробяць».
У кватэру ўварваліся сямёра сілавікоў — хтосьці з дубінкамі, хтосьці са зброяй. «Усім ляжаць! Сюды!» — крычалі яны. Сяргея паклалі на падлогу. Білі дубінкамі ў жывот, па сьпіне, па галаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску жанчыну-інваліда першай групы асудзілі за цытаваньне БіблііУсіх, акрамя жонкі Сяргея, павезьлі ў Цэнтральнае РУУС. Калі «грузілі», таксама зьбівалі.
«Пастаянна пхалі і раўлі, калі вялі нас у міліцыю. Калі павольна ідзеш або павольна рэагуеш, тыкалі дубінкамі. У РУУС крычалі: „Куды лезеце?“ Сказалі, што я наогул сяду, і надоўга. У выніку склалі пратакол, судзілі па артыкуле 23.34 і выпісалі штраф на 540 рублёў».
На наступны дзень Сяргей адчуў моцную слабасьць і зьвярнуўся па дапамогу. Яго шпіталізавалі, абсьледавалі і выявілі злаякасную пухліну, хоць раней недамаганьняў ён не адчуваў. Лекары выказалі здагадку, што хвароба разьвілася на глебе стрэсу.
На лекі і далейшае аднаўленьне мужчыну неабходна 3000 рублёў. Дзе іх узяць, ён не ўяўляе.
Лекары кажуць, што шанец на выздараўленьне ёсьць. Калі хто можа падтрымаць пацярпелага, можна напісаць яму ў тэлеграм @razambel.