Расея разарве адносіны з ЭЗ, калі ўбачыць санкцыі, якія пагражаюць эканоміцы, заявіў кіраўнік МЗС Расеі. Раней кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль абвінаваціў улады Расеі ў адсутнасьці гатоўнасьці да дыялёгу, інфармуе «Нямецкая хваля».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у пятніцу, 12 лютага, заявіў пра гатоўнасьць Масквы разарваць адносіны з Эўрапейскім зьвязам. Гэта адбудзецца, калі ўлады зноў убачаць, «што ў нейкіх галінах накладваюцца санкцыі, якія ствараюць рызыкі для нашай эканомікі, у тым ліку ў самых адчувальных сфэрах», заявіў ён у інтэрвію YouTube-каналу «Салаўёў Live».
«Мы ня хочам ізалявацца ад сусьветнага жыцьця, але трэба быць гатовым да гэтага. Хочаш міру — рыхтуйся да вайны», — дадаў міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ пасьля візыту ў Маскву: «Эўропа і Расея аддаляюцца»Дачыненьні Расеі і Эўрапейскага зьвязу ў апошнія тыдні абвастрыліся. МЗС Расеі 5 лютага аб’явіў пэрсонамі нон грата трох супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў Нямеччыны, Польшчы і Швэцыі. Расейскі бок абвінаваціў іх ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 23 студзеня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Пазыцыя міністэрства выклікала крытыку Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША. Бэрлін, Стакгольм і Варшава ў адказ паведамілі пра высылку траіх расейскіх дыпляматаў.
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежнай палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль пасьля трохдзённага візыту ў Маскву абвінаваціў улады Расеі ў адсутнасьці гатоўнасьці да дыялёгу. Падчас паездкі кіраўнік дыпляматыі ЭЗ сустрэўся з прадстаўнікамі расейскіх праваабарончых арганізацый і абмеркаваў зь імі пратэсты ў краіне. Акрамя таго, Бурэль правёў перамовы з кіраўніком МЗС РФ, на якіх настойваў на вызваленьні апазыцыянэра Аляксея Навальнага і расьсьледаваньні яго атручэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў: Захад гаворыць пра Навальнага, каб адцягнуць увагу ад «крызісу лібэралізму»Сустрэча з Лаўровым пацьвердзіла, што «Эўропа і Расея рухаюцца ў розныя бакі», заявіў эўрапейскі дыплямат. На яго думку, Расея «бачыць у дэмакратычных каштоўнасьцях экзыстэнцыяльную пагрозу». Бурэль мае намер прапанаваць ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да Расеі. Міністры замежных спраў дзяржаў ЭЗ абмяркуюць гэтае пытаньне 22 лютага.