Абрэвіятура «СНД» не павінна ўводзіць у зман: краіны, якія падпісалі гэтую дамову (так званае АДКБ), у вайсковай сфэры ня могуць зрабіць ніводнага кроку, які б супярэчыў інтарэсам Міністэрства абароны РФ і расейскага Генштабу.
Гэтыя намеры творча разьвіваюць выказаную Лукашэнкам гатоўнасьць «паміраць за Расею».
Тых, хто цікавіцца тэмай уцягваньня Беларусі ў вайсковую арбіту Масквы, адашлю да сваёй кнігі «Дзевяноста трэці». Цяпер толькі нагадаю, што імкненьне да нэўтралітэту на патрабаваньне дэпутатаў БНФ было запісана ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (артыкул 10) у ліпені 1990 году, пацьверджана канстытуцыйным актам 25 жніўня 1991 году і Канстытуцыяй у 1994-м.
За некалькі месяцаў да прыняцьця Канстытуцыі Вярхоўны Савет (між іншым, з ініцыятывы дэпутата Лукашэнкі) большасьцю галасоў вырашыў далучыцца да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД — нягледзячы на супраціў БНФ і незалежніцкай часткі грамадзтва. Фактычна гэта супярэчыла прынцыпу нэўтралітэту, бо нэўтралітэт — гэта неўваходжаньне ў вайсковыя блёкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993, Лукашэнка: "Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею"Тым ня менш імкненьне да нэўтралітэту было зафіксаванае ў Канстытуцыі 1994 году (арт. 18 — «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай») і захавалася нават пасьля зьменаў у выніку г.зв. рэфэрэндуму 1996 г.
Строга кажучы, цяперашні ўдзел Беларусі ў шэрагу сумесных з Расеяй вайсковых структураў, ня кажучы ўжо пра членства ў АДКБ, супярэчыць гэтаму палажэньню Канстытуцыі. У Канстытуцыйным судзе (калі б такі ў Беларусі існаваў рэальна) прыхільнікам цяперашняга становішча было б вельмі цяжка даказаць, што такое членства спрыяе дасягненьню нэўтралітэту. Я нават не магу ўявіць ніводнага колькі-небудзь лягічнага ня толькі прававога, але і вайсковага аргумэнта на карысьць такой пазыцыі.
Your browser doesn’t support HTML5
Гэтак жа сама і любая заява пра імкненьне далучыцца да NATO супярэчыць гэтаму 18-му артыкулу. Іншая справа, што тэма ўступленьня ў NATO час ад часу ўздымаецца і дэбатуецца (абмяркоўваць можна ўсё што заўгодна, у тым ліку і канстытуцыйныя зьмены), а членства ў АДКБ — цалкам рэальнае (і па факце антыканстытуцыйнае).
У выпадку, калі ў Канстытуцыю будуць унесеныя заяўленыя зьмены (скасаваньне нэўтралітэту з адначасным далучэньнем да сыстэмы калектыўнай бясьпекі), гэта цяпер ужо канстытуцыйна замацуе вайсковую залежнасьць Беларусі ад Масквы.
І «паміраць за Расею» беларускіх грамадзянаў абавяжа ўжо Канстытуцыя. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было.
І гэта можна будзе лічыць перамогай Масквы. Альбо — платай Лукашэнкі Пуціну за падтрымку ў жніўні 2020-га. А хутчэй — і тым, і тым адначасна.
Іншая справа — ці будзе гэтая Канстытуцыя прызнаная міжнароднай супольнасьцю, а галоўнае — беларускім народам.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.