Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой запатрабаваў спыніць дзейнасьць атамнай станцыі ў Астраўцы.
Як паведамляе БелаПАН, патрабаваньне спыніць запуск АЭС зьвязанае з сумненьнямі ў яе бясьпецы, выказанае найперш прадстаўнікамі балтыйскіх краінаў. Эўрапарлямэнтар, экс-прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс заявіў, што БелАЭС «пабудаваная рэжымам Лукашэнкі і кампаніяй „Росатом“ усяго за 40 км ад цэнтру Вільні», таму яна прадстаўляе «відавочную і сапраўдную пагрозу нацыянальнай бясьпецы» Літвы.
Кубілюс адзначыў, што нехта можа прыгадаць пра АЭС побач з Брусэлем або Антвэрпэнам, але прапанаваў калегам падумаць, ці хацелі б яны, «каб Лукашэнка пабудаваў АЭС па праекце» Росатома «за лічаныя кілямэтры ад вашага дома або ад будынку Эўрапарлямэнту?»
За рэзалюцыю прагаласавалі 642 дэпутаты, супраць — 29, 21 — устрымаліся.
- Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец у Горадзенскай вобласьці па расейскім праекце «ВВЭР-1200». Станцыя будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчык будаўніцтва АЭС — група ASE.
- Фізычны пуск першага энэргаблёку станцыі адбыўся 20 жніўня, яго ўвод у эксплюатацыю заплянаваны на першы квартал 2021 году. Другі блёк плянуецца запусьціць у 2022 годзе.