Абвінавачваньне палічыла віну першых дзесяці чалавек даказанай і адзначыла, што толькі двое цалкам прызналі сваю віну: 25-гадовая настаўніца замежных моваў Марына Глазава і 20-гадовая студэнтка трэцяга курсу філфаку БДУ Марына Сірэцан, паведамляе Tut.by.
У выніку пракурор запатрабаваў для абвінавачаных наступныя пакараньні:
- Марыне Глазавай, Яраславу Ярашуку — па паўтара года «хатняй хіміі»,
- Марыне Сірэцан — 1 год і 3 месяцы «хатняй хіміі»,
- Мікалаю Федарэнку, Яўгену Калпачыку, Віктару Дзенісенку, Віталю Літвіну, Аляксею Якубуку — паўтара года «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу,
- Максіму Жараву — 2 гады «хіміі» + 505 рублёў не пагашанага па старым прысудзе штрафу,
- Вадзіму Варановічу — 2 гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Марыне Глазавай залічаць у тэрмін выкананьня пакараньня час, які яна прабыла пад вартай і хатнім арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Карагодная справа» ў Берасьці. Колькі ў ёй фігурантаў і калі будзе першы суд?13 верасьня падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў сотні берасьцейцаў выйшлі на скрыжаваньне праспэкту Машэрава і бульвара Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод. Паводле абвінавачаньня, якое выставілі, у прыватнасьці, Марыне Глазавай, яна вінаватая ў арганізацыі «карагоду», які прывёў да спыненьня руху транспарту на цэнтральных вуліцах гораду.
Тады ўпершыню за час пратэстаў пасьля выбараў беларускія сілавікі ўжылі супраць пратэстоўцаў вадамёт. Трапіла пад струмені з вадамёта і Марына Глазава, якая ўдзельнічала ў карагодзе. Праз 10 дзён дзяўчыну затрымалі. Пазьней стала вядома, што паказаньні пра Марыну Глазаву як арганізатарку карагоду дала адна з удзельніц падзей. З тых, каго пачалі судзіць 20 студзеня, пакуль толькі Марыну Глазаву праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.
20 студзеня ў Ленінскім раённым судзе Берасьця пачаліся слуханьні па справе.
Усяго па «карагоднай справе» праходзяць больш за 50 фігурантаў. Судзяць абвінавачаных групамі па 10 чалавек, іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу — у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула за сабой парушэньне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Суд па першай «дзясятцы» падыходзіць да канца, па другой — пачнецца на наступным тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці пачаўся разгляд справы аб «карагодзе». На лаве падсудных 10 з 56 фігурантаў справы