Пра гэта піша «Нямецкая хваля».
Аб прадаўжэньні локдаўна дамовіліся падчас відэаканфэрэнцыі канцлеркі Ангелы Мэркель з прэм’ер-міністрамі фэдэральных земляў.
Адзначаецца, што на далейшым дзеяньні локдаўна настаяла ведамства фэдэральнага канцлера — насуперак супраціву некаторых рэгіянальных уладаў. Ведамства спаслалася на пагрозу, зьвязаную з распаўсюджваньнем новых, больш небясьпечных мутацый каранавірусу.
У Нямеччыне застануцца зачыненымі гатэлі, рэстарацыі і кавярні, тэатры і кінатэатры, фітнэс-студыі, прадпрыемствы розьнічнага гандлю, за выключэньнем харчовых крамаў і аптэк. Пры гэтым зацьверджаныя меры прадугледжваюць шэраг выключэньняў. Ад 1 сакавіка дазволена аднавіць працу цырульняў.
«Базавы прынцып» — мы застаёмся дома — «па-ранейшаму зьяўляецца важным інструмэнтам у барацьбе супраць пандэміі», — гаворыцца ў дакумэнце, прынятым у ходзе відэаканфэрэнцыі 10 лютага.
З пачатку пандэміі COVID-19 колькасьць сьмерцяў ад гэтай хваробы ў Нямеччыне склала амаль 63 тысячы. Сутачны прырост заражэньняў у апошні час зьніжаецца. У сераду ўлады паведамілі пра прыкладна 8 тысячаў новых выпадкаў інфэкцыі.