Паводле падлікаў Дзьмітрыя Кобака, спэцыяліста ў галіне аналізу дадзеных з унівэрсытэту Тубінгена (Нямеччына), залішняя сьмяротнасьць у Расеі ў 2020 годзе склала каля 360 тысяч чалавек. На гэтую велічыню, параўнальную з насельніцтвам Уладзіміра або Ніжняга Тагілу, колькасьць сьмерцяў перавысіла тую, якой можна было б чакаць, калі б не эпідэмія COVID-19.
Кобак упэўнены, што большая частка надмернай сьмяротнасьці — гэта сьмерці людзей з каранавіруснай інфэкцыяй. З такой ацэнкай згаджаліся і расейскія афіцыйныя асобы.
Так, віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава заявіла ў канцы мінулага году, што 81 працэнт надмернай сьмяротнасьці прыпадае на COVID-19. А, напрыклад, у дэталізаваных дадзеных маскоўскага Дэпартамэнту аховы здароўя за сьнежань 2020 году можна знайсьці фактычнае пацьверджаньне, што ў гэтым месяцы 98 адсоткаў залішняй сьмяротнасьці — гэта выпадкі, у якіх COVID-19 быў асноўнай або спадарожнай прычынай сьмерці.
Пры гэтым, паводле афіцыйных дадзеных расейскага апэратыўнага штабу, за мінулы год у Расеі ад COVID-19 памерла 57 тысяч чалавек — у 6,3 раза менш за паказьнік надмернай сьмяротнасьці. Гэтая афіцыйная статыстыка, па ўсім відаць, далёкая ад рэальнасьці, дае падставу расейскім чыноўнікам рапартаваць аб тым, што Расея добра дае рады эпідэміі. У рэальнасьці і паводле агульных страт ад COVID-19, і асабліва ў разьліку на ўсё насельніцтва, Расейская Фэдэрацыя — адзін з сусьветных лідэраў, на ўзроўні найбольш пацярпелых ад каранавіруснай інфэкцыі краін Лацінскай Амэрыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выявілі 1692 новых хворых, памерлі 9. Афіцыйная статыстыка COVID-19