Забралі разам з санкамі, узялі на працоўным месцы, рэзалі дзьверы — затрыманьні падчас Усебеларускага сходу

Барыс Хамайда

Падчас «Усебеларускага народнага сходу» ў Менску і рэгіёнах Беларусі міліцыянты перасьледуюць грамадзкіх дзеячоў.

У Салігорску затрымалі шахтара Юрыя Корзуна, які ў верасьні прыкаваў сябе да горназдабыўнага абсталяваньня, паведамляе страйкам «Беларуськалія».

«Выйшаў грэць машыну, каб адвезьці дзіця ў школу, і не вярнуўся».

Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ, прычына — ч. 1 арт. 23.34. Іншыя падрабязнасці на гэты момант невядомыя.

Апоўдні 11 лютага ў Віцебску затрымалі найстарэйшага апазыцыянэра гораду Барыса Хамайду. Па яго прыехалі да так званага «Сіняга дома» на вуліцы Леніна, дзе Хамайда традыцыйна распаўсюджвае незалежную прэсу. Яго павезьлі ў Чыгуначны РАУС для «прафіляктычнай гутаркі». У Хамайды пры сабе цяжкія рэчы, у прыватнасьці санкі і торба.

У Рэчыцы, як паведамляе «Палеская Вясна», міліцыянты ламаюць дзьверы ў кватэру, дзе жыве прадпрымальнік і актывіст Дзяніс Шылянок. Ад самай раніцы пад яго домам дзяжурылі міліцыянты. Яны патрабавалі ўпусьціць іх у кватэру і пагражалі, што будуць рэзаць дзьверы. Пры гэтым ніякіх дакумэнтаў для пранікненьня ў жытло яны ня маюць.

Як інфармуе тэлеграм-канал MAYDAY, затрымалі супрацоўніцу Магілёўскага драмтэатру Вольгу Семчанку. Яе забралі раніцай на працоўным месцы. Дакладная прычына затрыманьня невядомая, аднак ёсьць здагадка, што за выцінанкі на вокнах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску напярэдадні Ўсебеларускага сходу прайшлі ператрусы і затрыманьні

10 фактаў пра «Ўсебеларускі сход» у карцінках