24-гадовага адмыслоўца абвінавацілі ва «ўзьвядзеньні барыкадаў з дапамогай жалезнай агароджы» ў ноч на 11 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская», дзе тады загінуў пратэстовец Аляксандар Тарайкоўскі.
Увесь працэс заняў тры гадзіны, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Тацяна Шоцік таксама вынесла вызначэньне: паведаміць пра прысуд і пакараньне Канановіча ў арганізацыю, дзе ён працаваў праграмістам, каб іншыя супрацоўнікі ня ўдзельнічалі ў масавых беспарадках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставілі тварам да сьцяны і пачалі зьбіваць». Судзяць актывіста штабу Віктара БабарыкіАсноўны доказ віны Рамана — адзіны фатаздымак зь яго тэлефона. Віны палітвязень не прызнаў, растлумачыў, што якраз прыбіраў агароджу з дарогі, каб вызваліць праход.
Паводле абвінавачваньня, малады чалавек 10 і 11 жніўня «браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якія выявіліся ў пагромах, а таксама нанясеньні шкоды Менскім цеплавым сеткам шляхам разукамплектаваньня мэталічнай канструкцыі ў выглядзе 12 жалезных штыроў» дзеля ўзьвядзеньня барыкадаў.
Пры гэтым ніякіх матэрыяльных патрабаваньняў арганізацыя не прад’явіла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады «хіміі». У Менску вынесьлі яшчэ адзін вырак за леташняе шэсьце ў КурапатыУ сваім апошнім слове палітвязень цалкам не прызнаў віну і прасіў не караць пазбаўленьнем волі за тое, чаго ён не рабіў.
«Я ня буду хаваць, што мне страшна за пакараньне, якое можа быць прызначана. Так, на той самай фатаграфіі відаць, што я трымаюся за агароджу, спрабуючы яе зрушыць. Але ці можна лічыць мае дзеяньні супрацьпраўнымі настолькі, каб пазбавіць мяне волі? Я ня ўдзельнічаў ні ў пагромах, ні ў супраціве прадстаўнікам улады», — заявіў падсудны.
Пад вартай Раман Канановіч знаходзіцца ад 16 кастрычніка 2020 году.