Праваабаронцы прызналі чарговых 7 палітвязьняў, асуджаных па дыфамацыйных артыкулах.
Праваабаронцы нагадалі аб недапушчальнасьці пазбаўленьня волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сымбаляў, піша «Вясна».
Палітвязьнямі сталі:
- Ільля Смольскі — асуджаны ў Ленінскім судзе Берасьця на 1 год абмежаваньня волі па арт. 370 КК (зьнявага дзяржаўных сымбаляў);
- Уладзімер Шынкевіч — асуджаны ў закрытым судовым паседжаньні суду Аршанскага раёну па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) на 2 гады і 3 месяцы пазбаўленьня волі;
- Уладзімер Няпомняшчых — абвінавачаны і ўзяты пад варту па арт. 366 (пагроза гвалту ў дачыненьні да службовай асобы, у сувязі з выкананьнем ёю службовых абавязкаў) і арт. 369 КК (абраза службовай асобы). Знаходзіцца ў СІЗА Гомля;
- Уладзімер Міхалка — абвінавачаны і зьмешчаны пад варту па ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь). Знаходзіцца ў гомельскім СІЗА;
- Міхаіл Гладыш — асуджаны Першамайскім судом Віцебску па арт. 369 КК (абраза службовай асобы) на 2 гады абмежаваньня волі;
- Георгі Васіленка — асуджаны Цэнтральным судом Гомля па ч.1 арт. 339 (хуліганства) за «зьнявагу» дзяржаўнага сьцяга на 2 гады абмежаваньня волі;
- Валадар Цурпанаў — асуджаны судом Магілёўскага раёну па арт. 391 КК (абраза судзьдзі ці народнага засядацеля) на 3 гады абмежаваньня волі.
Праваабаронцы лічаць перасьлед гэтых людзей і пазбаўленьне іх волі палітычна матываваным, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй выказваньня меркаваньня, а іх саміх — палітычнымі зьняволенымі. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць названых людзей, як і тых, каго прызналі палітычнымі зьняволенымі раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Той год, што мне далі – я на адной назе перастаю!». Натхняльныя лісты ад палітвязьняўАгульная колькасьць палітвязьняў рэжыму Лукашэнкі вырасла да 246 чалавек.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Х'юман канстанта»;
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
- Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
- Прававая ініцыятыва;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- Ініцыятыва FORB.