А1 Telekom Austria скараціў інвэстыцыі ў Беларусь праз адключэньні інтэрнэту, няпэўнасьць з 5G і падаткі

Лягатып аўстрыйскай кампаніі

Аўстрыйская кампанія А1 скараціла аб’ём капітальных укладаньняў у сваё беларускае даччынае прадпрыемства на 78,3 мільёна эўра.

A1 Telekom Austria Group апублікавала фінансавую справаздачу аб выніках працы холдынгу ў 2020 годзе. У дакумэнце ёсьць зьвесткі пра дзейнасьць даччынай кампаніі холдынгу ў Беларусі — тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-правайдэру А1, піша Tut.by.

Агульная выручка А1 у эўра зьнізілася на 5,5% у гадавым вылічэньні, у беларускіх рублях яна вырасла на 12,6%. Гэты рост абумоўлены павелічэньнем рэалізацыі паслуг А1 пасьля пасьпяховых захадаў у прыцягненьні новых кліентаў мабільнай і фіксаванай сувязі, запуску канвэргентных тарыфных плянаў у другім квартале 2020 году, а таксама разьвіцьця новых кірункаў — ІКТ і забаўляльнага зьместу.

Сярод фактараў, якія аказалі вызначальнае ўзьдзеяньне на паказьнікі году — эканамічны спад, пагоршаны пандэміяй COVID-19 і палітычнай нестабільнасьцю ў другой палове году, што прывяло да абясцэньваньня беларускага рубля ў адносінах да эўра на 16,1%.

Агулам кампанія А1 скараціла аб’ём капітальных укладаньняў у свой беларускі актыў на 78,3 мільёна эўра.

Асноўнымі праблемамі, зь якімі сутыкнулася кампанія А1 у Беларусі, а разам з тым і чыньнікамі, што прывялі да скарачэньняў, — прыпыненьне некаторых паслуг у пэрыяд са жніўня па лістапад у сувязі з «выкананьнем распараджэньняў упаўнаважаных дзяржаўных органаў» або зь незалежных ад кампаніі прычынаў, нявызначанасьць у ліцэнзаваньні частотнага дыяпазону для разгортваньня 5G-сетак, а таксама падвышэньне стаўкі падатку на прыбытак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch у Сусьветнай справаздачы заявіла пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў Беларусі. Асноўныя тэзісы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычын, чаму ў Беларусі растуць цэны амаль на ўсё