Сэнатары прызналі працэс імпічмэнту Трампа канстытуцыйным

Пасяджэньне Сэнату ЗША

Сэнат ЗША большасьцю галасоў прызнаў працэс імпічмэнту былога прэзыдэнта Дональда Трампа адпаведным Канстытуцыі краіны

За гэтае рашэньне прагаласавалі 56 сэнатараў, у тым ліку 6 прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі, чальцом якой зьяўляецца Трамп.

Палата прадстаўнікоў прыняла рэзалюцыю аб імпічмэнце Дональду Трампу за некалькі дзён да яго афіцыйнага сыходу з пасады, 20 студзеня, абвінаваціўшы яго ў падбухторваньні да мяцяжу. На думку заканадаўцаў, нежаданьне Трампа прызнаць вынікі выбараў і яго заклікі справакавалі спробу штурму Капітолія 6 студзеня, у выніку чаго загінулі шэсьць чалавек.

Адвакаты Трампа сьцьвярджалі, што Сэнат ня мае юрыдычных паўнамоцтваў для правядзеньня судовага разбору ў справе аб імпічмэнце былога прэзыдэнта. Акрамя таго, яны заяўляюць, што выступ Трампа абаронены першай папраўкай да Канстытуцыі, якая гарантуе амэрыканцам свабоду слова.

Абвінаваўцы спаслаліся на адсутнасьць у Канстытуцыі выключэньня, якое дазваляла б прэзыдэнтам злоўжываць уладай у апошнія дні на гэтай пасадзе. У адваротным выпадку кіраўнік дзяржавы атрымліваў бы магчымасьць «рабіць усё што заўгодна» на завяршальным этапе свайго тэрміну, адзначыў дэмакрат Джэймі Раскін, які ўзначальвае бок абвінавачваньня.

Пасьля гэтага ў Сэнаце паказалі кадры зь мітынгу ў падтрымку Трампа ў Вашынгтоне 6 студзеня, пасьля якога адбыліся беспарадкі і штурм Капітолія.

Каб вынесьці імпічмэнт, у яго падтрымку павінны выказацца мінімум 50 дэмакратаў і незалежных заканадаўцаў, а таксама 17 рэспубліканцаў са 100 чальцоў Сэнату. На думку экспэртаў, набраць падобную колькасьць галасоў наўрад ці атрымаецца.