Экспэрты САЗ ня здолелі вызначыць прычыну пачатку эпідэміі COVID-19

Кіраўнік місіі САЗ Пітэр Бэн Эмбарэк

Экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), якія працавалі ў кітайскім горадзе Ўхань, не змаглі ўсталяваць дакладную прычыну пачатку эпідэмі каранавіруснай інфэкцыі ў канцы 2019 году.

Як заявіў на прэс-канфэрэнцыі кіраўнік місіі Пітэр Бэн Эмбарэк, найбольш верагодная гіпотэза аб паходжаньні каранавірусу — перадача ад жывёлы да чалавека праз прамежкавае зьвяно. Пры гэтым ён ня выключыў, што гаворка магла ісьці аб перадачы віруса праз паверхню замарожаных прадуктаў харчаваньня. Гэтую вэрсію выказвалі ў якасьці адной з магчымых прадстаўнікі кітайскіх уладаў.

Гіпотэзу аб тым, што эпідэмія пачалася пасьля ўцечкі вірусу зь лябараторыі, экспэрт назваў вельмі малаверагоднай. Таксама малаверагодная і перадача вірусу ад лятучай мышы наўпрост чалавеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты СААЗ наведалі рынак морапрадуктаў ва Ўхані


У дзікай прыродзе каранавірус, які выклікае ў чалавека захворваньне COVID-19, пакуль ня быў знойдзены, хоць падобныя па структуры раней выяўляліся ў лятучых мышэй і пангалінаў.

Таксама ў экспэртаў няма сьведчаньняў зьяўленьня каранавірусу на рынку «Хуанань» ва Ўхані раней за сьнежань 2019 году, калі ён упершыню быў выяўлены ў работнікаў гэтага рынку.

Па словах экспэртаў, магчымыя пошукі прычынаў зьяўленьня каранавірусу ў чалавечай папуляцыі могуць заняць гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выяўляльнасьць падае, сьмяротнасьць не зьмяняецца. Афіцыйная статыстыка COVID-19
  • Успышка каранавірусной інфэкцыі новага тыпу, зафіксаваная ва Ўхані, нягледзячы на прынятыя ўладамі меры, перарасла ў пандэмію. На дадзены момант інфэкцыю перанесьлі больш за 100 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце, больш за 2 мільёны памерлі. Сама хвароба і карантынныя меры, якія ўводзяцца для яе стрымліваньня, сур’ёзна ўдарылі па эканоміцы многіх краінаў. Пры гэтым у самім Кітаі ўзровень захворваньня вельмі нізкі, і абмежаваньні ўводзяцца толькі кропкава.
  • Наконт паходжаньня каранавірусу зьявілася мноства непацьверджаных гіпотэз, якія выказвалі і палітыкі з розных краінаў, у тым ліку з ЗША і Кітаю. Большасьць навукоўцаў яшчэ да паездкі місіі СААЗ прытрымліваліся думкі, што вірус перайшоў на чалавека зь дзікай жывёліны празь нейкае прамежкавае зьвяно, але адназначных доказаў гэтай гіпотэзы няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя заклікаў рыхтавацца да «зацяжной» пандэміі каранавірусу