«Рай для фрылансэраў». Айцішнікі зь Беларусі заснавалі цэнтар распрацовак на Азорах 

Заснавальнік кампаніі Ahau Software Антон Навіцкі 

Заснавальнік Ahau Software Антон Навіцкі лічыць, што ёсьць усе падставы для пашырэньня прысутнасьці землякоў на архіпэлягу.

Усё больш ІТ-кампаній вывозяць сваіх супрацоўнікаў зь Беларусі. Асноўныя прычыны — нестабільная палітычная і эканамічная сытуацыя, рэпрэсіі супраць праграмістаў, падвышэньне падатковай нагрузкі для галіны і, наадварот, стварэньне спрыяльных умоваў для беларускіх айцішнікаў за мяжой.

Пераважная большасьць кваліфікаваных кадраў пераяжджаюць у Літву, Польшчу, Расею, Украіну. Але ёсьць адрасы зусім экзатычныя. Так, пакуль яшчэ нешматлікая дыяспара праграмістаў зь Беларусі асела на Азорскіх астравах пасярод Атлянтычнага акіяну — гэта самы заходні пункт Эўропы, больш як за 5 тысяч кілямэтраў ад Беларусі.

Краявіды азорскага архіпэлягу

«На 250 тысяч жыхароў сотня дасьведчаных праграмістаў»

Антон Навіцкі, заснавальнік зарэгістраванай на Азорах кампаніі Ahau Software, кіраўнік партугальскага офісу беларускай партнэрскай фірмы (менавіта пад юрысдыкцыяй Партугаліі існуе аўтаномная акруга) лічыць, што ёсьць усе падставы для пашырэньня прысутнасьці землякоў на архіпэлягу.

Вольга, Міша і Антон Навіцкія

Сам ён з жонкай Вольгай і на той час 6-месячным сынам Мішам зьехаў зь Менску неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Кажа, што спаўзаньне краіны ў багну застою далей трываць было невыносна, хацелася адчуць сябе свабодным. Дый паляпшэньне якасьці жыцьця было не на апошнім месцы. Спачатку прыехалі ў Партугалію, а затым перабраліся на астравы — знайшлі добры варыянт з жыльлём на самым буйным зь іх, Сан-Мігелі. Крыху абжыўшыся, Антон адчыніў dev-цэнтар, ягоная кампанія ў бізнэс-праграмаваньні пачала набіраць абароты.

Цяпер дапамагае з уладкаваньнем тым беларусам, хто шукае бясьпекі, спакою і прафэсійных пэрспэктываў. Пад’ехалі першыя калегі. Усе людзі актыўныя, з выразнай грамадзянскай пазыцыяй. Беларускі офіс, які месьціцца ў Азорскім навукова-тэхнічным цэнтры, абазначаны бел-чырвона-белым сьцягам. Пад ім на знак салідарнасьці рэгулярна «выходзяць гуляць».

«Шэраг прадуктаў зрабілі яшчэ ў Беларусі, яны дагэтуль пасьпяхова прадаюцца, — расказвае Антон Навіцкі. — Пасьля пераезду пачалі новы стартап AHAU 260, але праз COVID ды спадарожныя перашкоды справа крыху падвісла. Скаапэраваліся зь беларускімі партнэрамі, якія захацелі дапамагчы і адкрыць на Сан-Мігелі dev-цэнтар. Чаму не? Сёньня ўсё часьцей задумваюцца пра дэцэнтралізацыю, каб было некалькі аддаленых офісаў. Як паказвае практыка, захоўваць усе яйкі ў адным кошыку неабачліва. Вось і аб’ядналі беларуска-азорскія намаганьні».

Беларускі офіс у навукова-тэхнічным цэнтры Понта-Дэльгада

«Мы гуляем»: сям’я Навіцкіх

Пакуль дэсант зь вялікай зямлі нешматлікі — чатыры чалавекі разам з Антонам, ня лічачы ягоных жонку і сына. Аднак з улікам агульнага насельніцтва архіпэлягу і куртатасьці айцішнай нішы нават гэта выглядае значна. Паскорыць працэс замінаюць навала ў выглядзе каранавірусу, закрытыя межы ды абмежаваны рынак працы на Азорах у гэтай сфэры.

«На 250 тысяч жыхароў ад сілы набярэцца сотня праграмістаў. Таму беларуская доля адчувальная — прынамсі навукова-тэхнічны цэнтар удзячны за ўнёсак нашай кампаніі ў падвышэньне іх прэстыжу. Хоць эканамічна мэтазгодней прыцягваць мясцовых на ўзроўні junior, навічкоў: дзяржава аплочвае стаж ад году да двух. Нашы хлопцы крутыя, але нятанныя. Тут праграміст — проста інжынэр, зарабляе плюс-мінус як паліцэйскі. Адпаведна, няма такога перакосу, як у Беларусі, дзе маладыя айцішнікі атрымліваюць у разы больш, чым дасьведчаныя прафэсары».

Патрыятычны флэшмоб за 5 тысяч км ад Беларусі

Праблема ня ў тым, што праграмісты ў Беларусі маюць шмат, а ў тым, што астатнія — зусім мала, канстатуе Антон. Вось і атрымліваецца сацыяльны дысбалянс, якога няма на Азорах. Тут ня кожны праграміст мае даход, большы за мэдыка ці настаўніка.

Беларуская сям’я жыве ў самым вялікім горадзе архіпэлягу, порце Понта-Дэльгада. Тут, на Сан-Мігелі, асталявалася большая палова азорцаў. Паколькі звыклых актыўных забаў няшмат, а ва ўмовах пандэміі згарнуліся і яны, у выходныя выбіраюцца ў падарожжы па ваколіцах — балазе, багатая прырода дае раскошу новых адкрыцьцяў. Асвоіў яхтынг, выходзіць зь сябрамі ў адкрыты акіян з прыпынкамі на Мадэйры ці Канарах.

«У беларускіх уладаў стаўленьне да айцішнікаў непрыязнае»

Спэцыялізаваныя рэсурсы рэгулярна ладзяць маніторынгі сытуацыі з ад’ездам праграмістаў зь Беларусі, адзначаючы ня толькі павелічэньне плыні, а і тэндэнцыю one way ticket (квіток у адзін канец). Чым найперш выкліканы пераезд: пагаршэньнем агульнай сытуацыі або, магчыма, падвышэньнем падатковай нагрузкі на ІТ-сфэру? Што прымушае здымацца з абжытага месца?

«Прычына дакладна не ў падатках, бо нават пасьля падвышэньня ад 9 да 13% гэта непараўнальна з астатняй Эўропай. Калі пераяжджаць, давядзецца плаціць больш. Вінаватая толькі палітычная, эканамічная нестабільнасьць. Ды што далёка хадзіць? Я сам так зьехаў. Пасьля выбараў-2015 апанавала такая безнадзейнасьць, што насьпела жаданьне ўсё кардынальна зьмяніць. Магчыма, памылковая думка, што ў суседа трава зелянейшая і неба бяз хмар. Але хочацца адчуваць сябе чалавекам. У Беларусі стаўленьне да айцішнікаў, наогул іпэшнікаў апрыёры непрыязнае: „жыруюць, замінаюць плянавай эканоміцы“. Таму сыход цалкам лягічны».

Антон Навіцкі: аватарка-2020

На думку Антона Навіцкага, у цяперашняй сытуацыі шанцаў на разьвіцьцё прыватны бізнэс у Беларусі мае няшмат — ва ўмовах эканамічнага застою з большай ці меншай імавернасьцю гэта скончыцца «нацыяналізацыяй» ды «экспрапрыяцыяй».

«Непавага да бізнэсу — гэта ўжо як дзяржаўны прыярытэт. Хоць хапае прадпрымальных людзей, якія элемэнтарна выцягнулі б краіну з багны. Каб не прапаганда ідэі, што прыватнікі — прахвосты, прайдзісьветы, грамадзтва разьвівалася б інакш. А так уключаеш тэлевізар — суцэльны, прабачце, панос, каб абгадзіць апанэнтаў, нібыта тыя вінаватыя, замінаюць стабільнасьці. Нейкая клаўнада, увесь сьвет сьмяецца, не разумее, адкуль такое? Калі я зьяжджаў, не было настолькі маштабных рэпрэсій, але буялі ідыёцкія жартачкі, непавага, хамства. Сёньня зьяжджаюць ад гвалту, страху, злосьці. Плюс у любы момант можна стаць фігурантам справы».

Артыкул пра беларускую сям’ю ў мясцовай прэсе

Яго абурае, што прапаганда намагаецца падаць пратэстоўцаў ізгоямі, якімі «лялькаводзіць» Захад. Аднак адно тое, што на вуліцу выходзяць самадастатковыя айцішнікі, у якіх усё ў парадку з матэрыяльным становішчам, такі прымітыўны пасыл разьбівае начыста.

«Няўжо ўлады ня бачаць, што айцішнікі выходзяць зусім не з патрабаваньнем падвысіць заробкі — сёньня іхныя прыбыткі і без таго максымальныя. Людзей турбуе іншае: магчымасьць выказваньня ўласнай думкі, права на выбар і г. д. Я б сказаў, што на гэтым фоне зьдзіўляе інэртнасьць тых, каму якраз ёсьць за што змагацца ў матэрыяльным пляне. Бо трымацца за падачкі ў 500 рублёў — шлях у нікуды. Паўтаруся: тое, што многія супрацоўнікі ІТ-сфэры апынуліся ў літаральным сэнсе на перадавой — факт для Беларусі вельмі цікавы і паказальны».

Антон Навіцкі не выключае вяртаньня ў новую Беларусь

Хоць гісторыя сям’і Антона Навіцкага крыху адрозьніваецца ад вымушанага пераезду калегаў па бізнэсе, нават ён не выключае магчымасьці вяртаньня ў новую Беларусь.

«Калі зьменіцца сытуацыя, абсалютная большасьць вернецца, — перакананы ён. — Мяркую нават па нашым офісе. Маладыя, без дзяцей, няма праблемаў выехаць-прыехаць. А вернуцца, бо адкрыюцца новыя пэрспэктывы. Вядома, у маім выпадку, калі зь сям’ёй, ужо закруціўся ў сыстэме грамадзянства, мовы, вяртацца складаней. Але напрацаваныя ў Эўропы практычныя веды, досьвед, нарэшце, грошы, спадзяюся, таксама будуць запатрабаваныя. Дом ёсьць дом. У Беларусі мае блізкія, сваякі. Але пакуль там пануе абсалютнае беззаконьне, ня хочацца нават торгацца».

Веліч першароднай прыроды

«У пандэмію сям’я атрымала гуманітарны пакет»

У той жа час Антон Навіцкі называе Азоры бясьпечным, утульным і вельмі прыгожым месцам для жыцьця. Хоць і ўдакладняе, што не ідэальным. Прынамсі той, хто не зацыклены на шумных мэгаполісах, годна ацэніць гэты ізаляваны куток.

«Калі па ўнутранай сутнасьці інтравэрт, абыякавы да шумных кампаній, „варушняку“ вялікіх гарадоў — на Азорах самае месца. Асабліва фрылансэрам. Мяккі клімат, няма такіх перападаў паміж гарачынёй і холадам, як на мацерыку. Усё па-добраму, гэткая вясковая атмасфэра, без напругі. Зразумела, ёсьць і нюансы. Ад высокай вільготнасьці зьяўляецца цьвіль. Няма ацяпленьня як зьявы. Калі шторм, тэмпэратура апускаецца да +10. Падключаеш электраабагравальнік, надзяваеш піжаму. Ну і закінутасьць у акіяне, можа, нехта адчуе фобію. Мы падобнага не перажывалі, хоць, безумоўна, сумуем па родных у Беларусі».

Каменнае дойлідзтва

На Азорах вялікая колькасьць эндэмічнай флёры і фаўны. Што да жыхароў, то астравы былі вядомыя яшчэ нарманам ды вікінгам, але мэтанакіравана ў XV стагодзьдзі заморскую тэрыторыю калянізавалі партугальцы. Адпаведна, тутэйшыя — нашчадкі пірынэйскіх маракоў-першапраходцаў. Праз аддаленасьць ад вялікай зямлі імігрантаў няшмат, таму кожнага ўспрымаюць зь вялікім інтарэсам, расказвае Антон.

«Нават ведаюць, што такое Беларусь, даходзяць навіны. Хоць, па шчырасьці, першым пытаньнем будзе — ці не з Украіны? У свой час шмат прыяжджала ўкраінцаў на будоўлі, некаторыя засталіся. Да іншародцаў ставяцца без прэтэнзій, бо самі раскіданыя па ўсім сьвеце. Паколькі нацыя мараходаў, стараліся адпраўляць дзяцей на вучобу, на працу. Адсюль блізка да Штатаў, адпаведна, там шмат азорцаў. Таксама ў Брытаніі, Францыі, ня кажучы пра мацерыковую Партугалію. Празь зьмешанасьць культур тут нават партугальская мова з акцэнтам. Таму з суседзтвам ніякіх праблемаў».

У маленькага Мішы цяпер дзьве радзімы

Асобна Антон Навіцкі спыняецца на абароненасьці мясцовых жыхароў: пакуль у Беларусі дзесяцігодзьдзямі дэкляруюць пабудову «сацыяльна арыентаванай дзяржавы», на архіпэлягу гэта рэальна дзейнічае. Так, у пандэмію яго сям’я атрымала цэлы «гуманітарны пакет»: аднаразовую дапамогу ад дзяржавы, выплату з сацфонду, беспрацэнтныя крэдыты і палёгку ў аплаце арэнды. Таксама бюджэт узяў на сябе выдаткі стажу для інжынэраў, беззваротнае фінансаваньне на куплю тэхнікі і кампутараў. «Сацыяльнай Беларусі» такое і ня сьнілася, дадае ён.

«А што тычыцца дзяцей, на іх у літаральным сэнсе моляцца. У садках клапоцяцца як пра сваіх — зноў жа, вясковы мэнталітэт, адзін аднаго ведаюць. Прымаюць бясплатна, пачынаючы з 6 месяцаў. Першая выплата на немаўля ня большая, чым у Беларусі, далейшыя субсыдыі залежаць ад даходу бацькоў. Адукацыя з чалавечым тварам і без пабораў, ёсьць адмысловыя праграмы падтрымкі. Мэдыцына, магчыма, ня самая лепшая, але з добрай фармацэўтыкай. Усе названыя сфэры бясплатныя нават для эмігрантаў. Сыну было паўгода, калі ад’ехалі, ведаем з уласнага досьведу».

На Азорах пераважае малапавярховая забудова

«Найлепшае месца для беларуса схавацца і працаваць»

Нягледзячы на памеры, у сто разоў меншыя за Беларусь, Азоры маюць чым зьдзівіць кантынэнтальнага чалавека. А сухапутнага беларуса тым больш, сьмяецца Антон Навіцкі.
«Тут дзевяць цудоўных астравоў, кожны адрозны ад іншага. Ёсьць і горы, і кратары, і лясы. Летам купацца ў акіяне, зімой — у гарачых крыніцах. Раздольле для аматараў сёрфінгу. Паромы, яхты, авіямаршруты — кожныя выходныя як адпачынак, толькі не лянуйся складаць карту маршруту...

І яшчэ. З улікам, што ёсьць цэнтар распрацоўкі, калі нехта зь беларускага ІТ-сэктару хоча да нас далучыцца, будзем вітаць. Або камусьці, скажам так, трэба на нейкі час схавацца ад перасьледу. У нас адладжаны працэс легалізацыі, атрыманьня рэзыдэнцыі. Чаму не паспрабаваць?»

Дары акіяну ў азорскай краме

Ён таксама дадае, што кампанія ўкладаецца ў навучаньне прэтэндэнтаў, таму першасную базу неабходных ведаў навічкі атрымаюць непасрэдна на месцы. У далейшым застанецца іх толькі ўдасканаліць.

Згодна з анкетаваньнем, паведзеным спэцыялізаваным рэсурсам Dev.by, сярод 1 150 рэспандэнтаў, амаль 15% спэцыялістаў ІТ-сфэры ўжо працуюць за мяжой, і гэтая прапорцыя імкліва расьце.

Антон Навіцкі ў акіянічным падарожжы

Яшчэ ў мінулую восень такіх «мігрантаў» было ў пяць разоў менш. Тады звыш 50% апытаных казалі, што не плянуюць пераезду: маўляў, такі варыянт будуць разглядаць, калі сытуацыя пагоршыцца.

За наступныя месяцы жаданьне працаваць у Беларусі прыкметна зьменшылася: праз пагаршэньне бізнэс-клімату сёньня гатовыя заставацца дома толькі 36% спэцыялістаў.
Многія не разглядаюць пераезд як часовую меру, а маюць неадкладна падацца на сталае месца жыхарства. Гэта пацьвердзілі больш як 30% адмыслоўцаў. І такім чынам адказалі скептыкам, якія сьцьвярджалі: плянаваць пераезд — гэта адно, а ўзяць і паехаць — зусім іншае.

Паводле вынікаў анкетаваньня прадстаўнікоў галіны, доля айцішнікаў, якіх усё задавальняе і якія ня бачаць неабходнасьці зьяжджаць зь Беларусі, складае 4,6%.

Вульканічныя пляжы Азорскіх астравоў