Сыноў Людмілы вінавацяць паводле 342-га артыкула — «арганізацыя альбо падрыхтоўка групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх». А малодшаму Кіму яшчэ выставілі і абвінавачаньне па 349-м артыкуле — у несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі. Паводле МУС, Кім Самусенка нібыта ўзламаў кампутарную сетку Менгарвыканкаму. Маці Кіма ў гэта ня верыць і кажа, што малодшага сына пры затрыманьні білі.
«Ён не айцішнік, а эканаміст. Апошняе месца ягонай працы — кібэрспартовы клюб, дырэктарам быў. А што яго зьбілі падчас затрыманьня, не сумняюся. Бачыла відэа, як яго выводзілі з дому, што сын кульгае. І адвакат расказваў пра сьляды зьбіцьця. А нявестка дык і ўвогуле чула, што адбывалася ў суседнім пакоі, дзе міліцыянты трымалі Кіма. Іх з малой дачкой зачынілі ў іншым пакоі, але яны чулі, як зьбіваюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПасьля затрыманьня Кіма ягоная жонка Алеся з дачкой зьехалі на радзіму — ва Ўкраіну. «Яе можна зразумець, яна баіцца перасьледу», — кажа Людміла пра нявестку. Цяпер яны лістуюцца, абедзьве чакаюць, калі Кіма і Аляксея вызваляць.
Старонка Алесі ў Фэйсбуку — найбольш пра мужа.
«Я шчасьлівая, што ў мяне такі сумленны і годны муж», — такі пост Алеся выклала ў канцы студзеня.
Алеся кажа, што ў вязьніцы Кім шмат чытае, у тым ліку пэрыёдыку, на якую яго падпісалі добрыя людзі. «Кім верыць, што ўсё будзе як найлепш і для нашай радзімы, і для Беларусі», — піша Алеся.
Як браты Самусенкі ставяцца да абвінавачаньня?
Па зьвестках маці палітвязьняў Людмілы Самусенкі, абодва не прызнаюць сябе вінаватымі. Затрыманьне малодшага сына маці яшчэ можа неяк патлумачыць, бо той «хаця б выходзіў на маршы». За што пад крымінальны перасьлед трапіў старэйшы сын Аляксей, ёй увогуле незразумела.
«Малодшы быў на першых маршах, потым выходзіў на дваровыя сустрэчы, смажыў там дранікі. Але хіба за гэта ўжо садзяць? А старэйшы ўвогуле нікуды не хадзіў. У яго зараз галоўны інтарэс — малы сын, гэта ж патрабуе шмат увагі. У выніку забралі тату ў сына — а за што? Можа, на ўсякі выпадак забралі, як брата», — не выключае Людміла Самусенка.
Жанчына ахвотна расказала пра сустрэчы ў сваім двары, у мікрараёне Кунцаўшчына.
«Возьмем наш двор. 30 гадоў стаяць вакол дамы, а да лістапада мінулага году мы адзін аднаго амаль ня ведалі, хіба суседзі па пляцоўцы віталіся. А як пачаліся маршы, людзі пачалі зьбірацца ў дварах. На газавай гарэлцы смажым дранікі, п’ём гарбату. І ня толькі пратэставая публіка, аднадумцы. Падыходзяць бабулі з унукамі — „А што тут?“. Знаёмімся, размаўляем. Што ў гэтым дрэннага?» — кажа жанчына.
У якіх умовах сядзяць Самусенкі на «Валадарцы»?
Паводле Людмілы, яе сыны сядзяць у розных камэрах. За час адседкі на «Валадарцы» яны ніводнага разу не перасякаліся. Абодва на ўмовы ня скардзяцца, а пра справу пішуць, што «нічога не адбываецца, проста сядзім».
«Пра настрой пішуць, што ўсё нармальна, настрой добры. Наадварот, яшчэ нас з татам падтрымліваюць, супакойваюць», — кажа Людміла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Той год, што мне далі – я на адной назе перастаю!». Натхняльныя лісты ад палітвязьняўПра здароўе сыноў і пагрозу падхапіць у вязьніцы каранавірус жанчына заўважыла, што пэўных зьвестак, каб турбавацца, яна ня мае, але мяркуе, што пагроза сапраўды ёсьць. Сыны таксама папрасілі пэўныя лекі. Што да ліставаньня, тут жанчына таксама не наракае — «лісты ідуць рэгулярна, у абодва бакі».
«Беларусы ўжо перамаглі»
Аляксей і Кім Самусенкі адвучыліся ў беларускамоўнай гімназіі № 4. Аляксей, якому 33 гады, скончыў БНТУ. Маладзейшы за яго на 2 гады Кім — Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт. Кім захапляўся гісторыяй, браў удзел у рыцарскіх фэстах, разам з маці сталі актывістамі арганізацыі «Дзея», якая працуе над падвышэньнем грамадзкай і нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.
Людміла Самусенка запэўнівае, што нават пад пагрозай, што яе сыны трапяць у турму, яна не зьмяніла сваю грамадзянскую пазыцыю.
«Мы ўжо перамаглі. Хто выходзіў да стэлы 16 жніўня, хто бачыў на праспэктах Менску сотні тысяч натхнёных беларусаў, той ведае, што нарадзілася новая Беларусь і яе ўжо не спыніць. Асабіста я ў гэта веру», — кажа Людміла Самусенка і пералічае патрабаваньні грамадзтва да ўлады, якія яна асабіста падтрымлівае.
«Новыя выбары прэзыдэнта, расьсьледаваньне і суды над тымі, хто рабіў гвалт над мірнымі грамадзянамі, і вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Прычым пачынаць трэба з гэтага, трэцяга пункту, і рабіць гэта неадкладна», — мяркуе Людміла Самусенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш як 200 партрэтаў палітвязьняў